10 лютага - Міжнародны дзень парасона. Абарона ад ветру і сонца, радасць – для вачэй
10.02.2024
Парасон ратуе ад дажджу і ад спёкі, з’яўляецца прадметам моды, выкарыстоўваецца як падстрэшак у летніх кафэ і ў вулічным гандлі, а спецыяльнымі святлоадбівальнымі парасонамі карыстаюцца ў сваёй рабоце фатографы і кінематаграфісты. Яркія і прыгожыя парасоны – нярэдкія госці на фальклорных фестывалях і тэатральных падмостках.
Гісторыя аксесуара
Цяжка сказаць, дзе і калі з’явіўся першы парасон: Старажытныя Егіпет, Індыя, Кітай ці Асірыя… З даўніх часоў парасон быў паказчыкам статусу яго ўладальніка. Вядомыя старадаўнія выявы цароў і жрацоў, над якімі слугі трымаюць парасон – варыянт раскошнага баладхіна.
Парасон у якасці абароны супраць дажджу першымі сталі выкарыстоўваць старажытныя кітайцы: рабілі папяровыя парасоны, прасякнутыя воскам або алеем. У шырокі ўжытак такія парасоны ўвайшлі ў часы імперыі Сун, прыкладна з XI стагоддзя н. э. У сярэднявечнай Еўропе воданепранікальныя парасоны не выкарыстоўваліся, бо лічылася, што дождж гэта «промысел Божы», ад яго не варта хавацца.
Палатняныя парасоны з’явіліся ў Францыі ў XVII стагоддзі, пад назвай “парасоль”, што азначае “супраць сонца”. У 1715 годзе ў Парыжы была выраблена першая складаная канструкцыя, у якой спіцы – з кітовага вуса. У той перыяд парасон служыў для абароны ад сонца. Шоўк і аксаміт, тафта і карункі, паўлінавыя пёры і каштоўныя камяні (цэлы твор мастацтва!) упрыгожвалі парасоны арыстакратаў і багатых гандляроў той пары.
Падарожнік Джон Хенвей ў 1772 годзе здзейсніў цэлую рэвалюцыю ў гісторыі парасона. Ён ужыў шчыльную тканіну ў якасці пакрыцця і стаў шпацыраваць з парасонам у Лондане пад праліўным дажджом. Парасон увайшоў у шырокае ўжыванне па ўсёй Еўропе з канца XVIII стагоддзя. Стаў любімым аксесуарам у жанчын і атрыбутам «джэнтльменскага» стылю. Цікавы факт: напрыканцы ХІХ стагоддзя Вялікабрытанія сутыкнулася з праблемай хуліганства, і тады спецыялісты распрацавалі цэлую сістэму самаабароны з ужываннем парасона. Вядома шмат выпадкаў, калі добрапрыстойныя лэдзі паспяхова абаранялі сябе ад хуліганаў. На працягу ХХ стагоддзя канструкцыя парасона шмат разоў удасканальвалася: ён стаў больш лёгкім і кампактным, з аўтаматычным механізмам адкрыцця.
Трыумф майстрыхі
Эксклюзіўныя, вельмі прыгожыя парасоны я аднойчы ўбачыла ў Залескім Доме рамёстваў. Аказалася, гэты цуд творыць сваімі рукамі майстрыха Ніна Кенька. Тонкая, далікатная работа. Модніцам – на радасць, знатакам – для захаплення.
“Плесці кручком аснову для парасона я пачала больш за дзесяць гадоў таму, - зазначае Ніна Уладзіміраўна. - Мы рыхтаваліся да ўдзелу ў фестывалі нацыянальных культур, стваралі сувеніры. І раптам мне прыйшла думка зрабіць унікальны парасон… Прызнацца, нам удалося здзівіць патрабавальную фестывальную публіку. І за столькі гадоў, мы ні разу не ў адной з майстрых на фестывалях не ўбачылі самаробных парасонаў”.
Калі хто думае, што Ніна Уладзіміраўна для сваіх работ выкарыстоўвае старыя асновы ад парасонаў, то памыляецца. Яна купляе новы парасон і нацягвае сваю “абарону” – усё павінна быць годным.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аз архіву Залескага Дома рамёстваў.