Каваль куе, а жалеза пяе: нарыс пра Анатоля Вяршковіча
19.08.2024
Горн, распалены да патрэбнай тэмпературы. Агеньчыкі полымя літаральна заварожваюць сваімі бірузова-лілейнымі фарбамі, якія быццам пераліваюцца, – так і хочацца гэта сугучча колераў перанесці на палатно. Праўда, волат-каваль наўрад звяртае ўвагу на гэту прыгажосць. Яго погляд накіраваны на шчыпцы, у палоне якіх – металічная нарыхтоўка. Пакуль гэта яшчэ кусок металу, які неўзабаве можа ператварыцца ў сапраўдны шэдэўр…
Цікавасць да кавальскай справы ў Анатоля Вяршковіча ўзнікла яшчэ ў 17-гадовым узросце, калі ён вучыўся ў Мар’інагорскім сельскагаспарчым тэхнікуме на тэхніка-механіка. Там былі заняткі па кавальскай справе. “Помню, выкаваў імітацыю мяча, - успамінае Анатоль Іванавіч. – А як заняткі скончыліся, мы з аднакурснікам прадаўжалі ў кузню хадзіць. Малатабойцамі былі. Такая вось у юнацтве цікавасць зарадзілася і магчымасць дадатковы да стыпендыі рубель мець. У асноўным мы кавалі мэблю – крэселкі, лаўкі”.
Пасля тэхнікума кавальскай справай шмат гадоў Анатоль не займаўся. Успомніў пра яе недзе ў сярэдзіне 2000-х. Гісторыя Сярэднявечча вярнула цікавасць да молата і кавадлы. “Захапіўся каваннем, калі захацеў зрабіць сабе поўны камплект рыцарскага ахоўнага рыштунку. У свежых даспехах паехаў на свой першы рыцарскі фестываль, дзе пазнаёміўся з кіраўніком сталічнага гістарычнага клуба “Княжы Гуф” Фёдарам Міхеевым. Ён падштурхнуў мяне да стварэння рыцарскага клуба ў Смаргоні. Неўзабаве на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з’явілася “Смаргонская харугва”, якая праіснавала восем гадоў”.
Яго ўдзельнікі – рамантыкі і аматары гісторыі – займаліся вывучэннем і рэканструкцыяй рыцарскіх даспехаў і касцюмаў часоў Сярэднявечча і Адраджэння, а таксама ездзілі на турніры і фестывалі. “Мы багацеі былі – мелі шэсць поўных камплектаў рыцарскага рыштавання”, - робіць важны акцэнт Анатоль.
У клубе былі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Дзве. Адна з іх – дачка кіраўніка клуба Анастасія. Без Цудоўных Дам ні адзін рыцарскі турнір не абыходзіўся. “Мая дачка таксама моцна зацікавілася Сярэднявеччам, я ёй сам, памятаю, сукенку пашыў, яна танцы сярэднявечныя развучыла… - усміхацца суразмоўца. – Жонку “ўцягнуць” у рыцарства не атрымалася. Але Ірына мяне ўвесь час падтрымлівала – і я ёй за гэта вельмі ўдзячны”.
Пра захапленне Анатоля Іванавіча ведаюць і на рабоце. Таму нядзіўна, што ў 2010, да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, каля аўтазаправачнай станцыі №42 (паблізу Еўраопта), дзе Анатоль Вяршковіч працуе аператарам, была ўстаноўлена фігура рыцара. Яго мой суразмоўца выразаў з сілікатнага блока. Рыцар і дагэтуль стаіць – як візітоўка, як апазнавальны знак АЗС.
“Смаргонскай харугвы” няма, а цікавасць да мінулага ў Анатоля Вяршковіча засталася. Гасцям, якія бываюць у яго на лецішчы, гаспадар прапаноўвае пастраляць з лука, пакідаць сякеры, патрымаць у руках меч, прымераць рыцарскі шлем, памацаць кальчугу…
Лецішча Вяршковічаў нагадвае музей, дзе захоўваецца шмат цікавых гістарычных экспанатаў, сярод якіх кніга “Апостал”, час выдання якой пакуль не ўстаноўлены, але бачна, што ёй – некалькі стагоддзяў. Пачынаеш гартаць рэліквію – і адразу пагружаешся ў старажытнасць.
Анатоль Іванавіч апошнім часам зацікавіўся яшчэ і гісторыяй Першай сусветнай вайны. У касцюме салдата германскай арміі ўдзельнічае ў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі падзей стагадовай даўніны.
Лецішча Вяршковічаў можна яшчэ назваць і музеем кавальскай справы, якой цяпер Анатоль Іванавіч прысвячае практычна ўвесь вольны час. Пра яе мужчына можа таксама распавядаць гадзінамі.
“Калі пачалася пандэмія і адмяняліся рыцарскія фестывалі, я знайшоў сябе ў кузні. Работа каваля – цяжкая, карпатлівая, але захоплівае неймаверна”, - прызнаецца майстар.
Акрамя невялікай майстэрні ўвагу наведвальніка прыцягваюць каваныя рэчы: жырандоль, мэбля, навесы, карнізы, вароты, жыкавіны (фігурныя петлі на дзвярах, якія раней называліся жукавінамі, таму што ў іх дэкоры можна было лёгка разглядзець вусы жука), алебарды, сувеніры…
Увогуле, кожную рэч, кожны аб’ект на лецішчы (нават цяпліцу, прыбіральню ці сховішча для дроў) можна разглядаць як цікавы арт-аб’ект. Без сумніву, гэта “вотчына” сапраўдных эстэтаў.
Я яшчэ не згадала пра сувенірныя манеты, якія з нядаўняга часу “выпускае” Анатоль Вяршковіч. Яны прысвечаны вядомым старонкам гісторыі Смаргоншчыны. На манетах адлюстраваліся Мядзведжая акадэмія, Міхал Клеафас Агінскі, сядзіба-музей Агінскага, вобразы салдатаў першай Сусветнай вайны, Кальвінскі збор (архаічны варыянт), касцёл Святога Міхала Арханёла (сучасны выгляд).
…Майстэрства каваля заўсёды лічылася магічным дзякуючы яго ўладзе над агнём і металам. Старажытнагрэчаскі Гефест быў кавалём, які вырабляў маланкі для самога Зеўса. У старажытных славян маланкі каваў бог-грамавік Пярун, а гром у час навальніцы – гэта гукі, які атрымліваюцца ў выніку стуку молата па кавадлу.
У беларускім народным календары нават было свята кавалёў. Яго адзначалі 14 лістапада. Такім чынам народ выказаў падзяку людзям, якія займаліся коўкай металу. Даўней навучанне кавальскаму рамяству працягвалася ад 3 да 7 гадоў. Пасля гэтага вучні станавіліся чаляднікамі або падмайстрамі. Для атрымання статуса майстра неабходна было выкаваць пэўны выраб (“зрабіць штуку”).
На Беларусі кавальства вядома з жалезнага веку. Пашырылася яно ў ХІ - ХІІІ стагоддзях. З жалеза рабілі рэчы гаспадарчага прызначэння. Тады кавальствам звычайна займаліся гарадскія рамеснікі. У ХVІ стагоддзі ўзніклі першыя кавальскія цэхі. Пераважная большасць гарадскіх майстроў працавала ў сферы манументальнага будаўніцтва (выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры).
У ХІХ стагоддзі з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала. Перабралася ў вёску. Там каваль задавальняў гаспадарчыя патрэбы насельніцтва. Для яго работ будавалі асобнае памяшканне - кузню, у якой былі горн і неабходныя кавальскія інструменты.
З глыбокай павагай адносіліся да каваля людзі, лічылі яго волатам, у якога рукі ў золаце. Гледзячы на вырабы, якія па-майстэрску стварае Анатоль Вяршковіч, разумееш, што народ не памыляўся, калі гаварыў пра залатыя рукі каваля.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.