У Солах адбылося свята “Аграгарадок шчаслівых сем’яў”
30.06.2024
Вядомы рускі празаік Леў Талстой сцвярджаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобны адна на адну… Абвяргаць тэорыю класіка не бяруся. Але лічу, што ў шчасці кожнай сям’і ўсё ж ёсць пэўныя адценні.
Свята “Аграгарадок шчаслівых сем’яў” адбылося ў Солах 27 ліпеня. Паглядзець на прыгожыя, дружныя сем’і, якія могуць стаць прыкладам для пераймання, даведацца пра іх сакрэт сямейнага шчасця – хіба гэта не нагода пабываць на такім свяце?
За адным сямейным сталом сям’і Віктара і Дануты Грынчукоў сабраліся прадстаўнікі чатырох пакаленняў. Тут аказалася і старэйшая ўдзельніца свята – 85-гадовая Марыя Іосіфаўна, маці Дануты.
Тры пакаленні – за сталом шматдзетнай сям’і Вольгі і Аляксандра Дуксаў, а таксама Дар’і і Чэслава Чункевічаў.
Усе жадаючыя змаглі не толькі даведацца пра любімыя стравы сямей, але і прадэгуставаць яе. У Грынчукоў – гэта торты: пячоначны і жэлейны, у Дуксаў – вяндліны, у Чункевічаў – сыр з казінага малака і мясны рулет, У Ляпехаў – беляшы і піцца. І гэта я далёка не ўсё пералічыла, што было на святочных сталах.
Сем’ям задалі некалькі хатніх заданняў. Акрамя страў ім трэба было падрыхтаваць сямейнае дрэва. А значыць, уключыць не толькі веды пра свой радавод, але і творчую жылку. “Два тыдні – днём і ноччу – я стварала сваю работу, - расказвае Дар’я Чункевіч. - Членаў сваёй сям’і прадставіла ў выглядзе зорачак (тых, каго няма ў жывых), а таксама сардэчак, кветачак, лісцікаў”. І ўсё гэта звязана кручком.
Кожная сям’я прадставіла таксама творчы нумар. Тут у справу актыўна ўключыліся юныя ўдзельнікі свята, яны спявалі, танцавалі і чыталі вершы.
Леакадзія Міхайлаўна, жонка вядомага паэта Мар’яна Дуксы, прачытала верш “Усюды лепш, дзе нас няма”. Такім чынам ушанавала памяць пра мужа і яшчэ раз прыпомніла людзям, які таленавіты і глыбокі быў яе чалавек.
Безумоўна, на такім свяце хацелася даведацца пра сакрэт сямейнага даўгалецця і шчасця.
“Сакрэтаў вялікіх няма, - лічаць Марыя і Віктар Ляпехі з Солаў, чый сямейны “стаж” – сорак гадоў. - Ёсць народная мудрасць. І заключаецца яна ў тым, што нехта адзін – муж ці жонка – павінен быць разумнейшы, каб у час разгарання канфлікту мог своечасова спыніцца, саступіць, не даць разгарэцца сур’ёзнай сварцы”.
Саракагоддзе сямейнага жыцця мінулай восенню адзначылі Данута і Віктар Грынчукі. “Сям’я – гэта вялікая праца. Без узаемнага кахання, паразумення і павагі шчасця ў сямейным саюзе не будзе, - упэўнены Грынчукі. - Тут менавіта жанчыне адводзіцца галоўная роля. На ёй трымаюцца не толькі вуглы хаты. Яна павінна быць мудрэйшая ва ўсіх адносінах”. Занатоўваю сабе ў сшытак гэтыя “сакрэты”, каб падзяліцца з чытачамі.
Песенна-музычных нотаў святу дадалі таленавітыя сольскія дзеці – Кацярына і Вераніка Рыбачонак, Варвара Какауліна, а таксама Аляксандр Хвастэнка, Таццяна Дзмітрук, народны фальклорны калектыў “Валэйчанка” і народны ансамбль народнай песні “Жытніца” з Ашмянскага раёна.
Усе ўдзельнікі імпрэзы мелі магчымасць паўдзельнічаць у латарэі. Шчасліўчыкі вярнуліся дадому з памятнымі сувенірамі.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.