Вярнулася гарачыня. Пад кандыцыянер ці на шашлык?
17.08.2024
На Смаргоншчыну зноў вярнулася летняя спёка. Калі слупок тэрмометра ўпэўнена падымаецца вышэй за 30 градусаў, вельмі важна не рызыкаваць сваім здароўем і захоўваць пэўныя правілы. Якія – тлумачыць урач агульнай практыкі Вікторыя Баднарук.
“Такой гарачынёй лепш за ўсё надзяваць лёгкае свабоднае адзенне з натуральных тканін. Ды і ўвогуле, пажадана не выходзіць на вуліцу з 11 да 17 гадзін, асабліва людзям з сардэчна-сасудзістымі і анкалагічнымі захворваннямі, дзецям”, - тлумачыць Вікторыя Уладзіміраўна.
Таксама ўрач нагадала, як дзейнічаць, калі чалавек усё ж атрымаў сонечны ўдар: “Калі хтосьці побач з вамі скардзіцца на недамаганне, галаўны боль, млоснасць, трэба тэрмінова адвесці гэтага чалавека ў памяшканне і выклікаць “хуткую”. Да прыезду медыкаў абавязкова праз кожных некалькі хвілін даваць некалькі глыткоў вады, можна абцерці твар і цела мокрай сурвэткай”.
Бывае, што ў асабліва гарачыя дні і ў памяшканні знаходзіцца некамфортна, таму ўсё часцей людзі карыстаюцца кандыцыянерамі, ды і аўтамабілі без такога прыемнага дапапаўнення сустракаюцца ўсё радзей. “Толькі кандыцыянеры пры няправільным выкарыстанні нярэдка становяцца прычынай даволі непрыемных хвароб”, - нагадала Вікторыя Баднарук. Тэмпература ў памяшканні і на вуліцы не павінна адрознівацца больш, чым на 10 градусаў. Да таго ж, паніжаць яе трэба паступова – прыкладна на 1 – 2 градусы ў гадзіну. Трэба памятаць, што кандыцыянер проста прапускае праз сябе і ахалоджвае тое паветра, якое ёсць у памяшканні, таму трэба рэгулярна чысціць гэтае прыстасаванне, інакш чакай шкодных бактэрый, грыбкоў і іншых непрыемнасцей.
Яшчэ адно захворванне, на якое летам часта скардзяцца пацыенты ўрача агульнай практыкі – міязіт. У народзе кажуць “шыю заклініла”. Прычына гэтага – струмень халоднага паветра, які трапляе непасрэдна на чалавека.
Калі кандыцыянера няма, нядрэннай альтэрнатывай у памяшканні можа стаць вентылятар. Калі побач з ім яшчэ паставіць вядро з халоднай вадой, тэмпература ў пакоі знізіцца на 2 – 3 градусы.
Яшчэ адна парада ад доктара – змена рацыёну харчавання. Лепш выключыць з яго смажаную тлустую ежу, ужываць больш гародніны і садавіны, добра памытай пад праточнай вадой.
Дарэчы, прадукты харчавання такую гарачыню таксама “пераносяць” дрэнна. Пра гэта нашым чытачам нагадаў урач-гігіеніст цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Андрэй Завацкі. “Калі вы купілі прадукты, якія хутка псуюцца, як мага хутчэй аднясіце іх дадому і пакладзіце на захаванне ў халадзільнік, дзе тэмпература павінна трымацца ў раёне +2 - +6 градусаў”, - патлумачыў спецыяліст. Таксама Андрэй Пятровіч звярнуў увагу, што нельга браць з сабой такія прадукты, калі вы адпачываеце на прыродзе. Падоўжыць на некаторы час тэрмін прыдатнасці дапаможа сумка-халадзільнік, або некалькі бутэлек з замарожанай вадой. Марынаваць мяса для шашлыкоў трэба дома, а не на гарачым паветры. А самае галоўнае – добра падсмажваць мяса, каб знішчыць усе патагенныя мікраарганізмы.
Віялета ВОЙТКА.