Галоўная / Аб раёне / Ганаровыя грамадзяне

Ганаровыя грамадзяне

 
Шчасны Уладзімір Рыгоравіч 
Беларускі перакладчык, публіцыст, дыпламат. Нарадзіўся 25.02.1948 г. ў Смаргоні. Скончыў Смаргонскую СШ № 2, Мінскі педінстытут замежных моў (1972), дзе ў 1976 -  77 гг. выкладаў. Стажыраваўся ў Пакістане (1972). 3 1978 г. па 1982 г. супрацоўнік службы рускіх пісьмовых перакладаў Сакратарыята ААН у Нью-Йорку. Затым працаваў на розных пасадах у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. З 1993 г. – дарадчык  пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве, у 1995 — 2000 гг. пасол Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі і Ірландзіі. З 2001 г.  па 2013 г. -   старшыня   Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.  Мае ранг  Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла.У 2003 годзе быў ініцыятарам правядзення ў Залессі міжнароднай канферэнцыі  “Гістарычныя сядзібы. Стан і  перспектывы”, падрыхтоўкі пры садзейнічанні ЮНЕСКА дакументаў на рэстаўрацыю былога маёнтка М.К.Агінскага і атрыманне копіі архіва кампазітара, які захоўваўся ў дзяржаўным архіве старажытных  актаў у Маскве.Друкуецца як перакладчык мастацкіх твораў з 1977 г. Перакладае з англійскай і мовы урду на беларускую. У яго перакладах выйшла кніга прозы К.Макалерса «Балада пра сумнае кафэ” (1988). Складальнік і перакладчык зборніка «Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне» (1993). Аўтар артыкулаў пра культурнае жыццё за мяжой. З,яўляецца аўтарам атрымаўшых міжнароднае прызванне драматычных твораў, якія пастаўлены Нацыянальным акадэмічным тэатрам ім. Я.Коласа.Работы: “Художники Парижской школы из Беларуси: эссе, биографии, путеводитель” (2012), “Париж”, “Альбатросы”, “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі [Выяўленчы матэрыял, каталог выстаўкі 21.09.2012―14.01.2013]” (2012).Жыве ў Мінску.

 

Церабун  Уладзімір  Васільевіч 

Нарадзіўся 11  красавіка 1946 года  ў  в. Несцяняты Смаргонскага  раена Гродзенскай  вобласці. З 1953 г. па 1964 г. – вучоба ў СШ №1 г. Смаргоні. З 1965 па 1968 гг. – служба ў Савецкай Арміі.

З 1968 па 1973 гг. – вучоба ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (г.Мінск) на аддзяленні скульптуры. Вучыўся ў прафесара А.А.Бембеля, скульптара Г.І.Мурамцава. Пасля  вучобы Церабун У.В. пераехаў  у  г. Гродна, дзе  працаваў да 2001 г. З  2001 г.  жыве і працуе  ў  г. Мінску. У  выставах  прымае ўдзел  з  1974 г. У  1977 г. стаў сябрам Беларускага саюза  мастакоў  (БСМ).

За   свой  творчы шлях  мастак  выканаў шэраг  работ  як станковага,  так  і манументальнага  характару: скульптуры, скульптура з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з  вытокамі асвятлення (люстры) для грамадскіх будынкаў. Церабун У.В.  правёў шаснаццаць персанальных выстаў. Яго работы экспанаваліся ў Гродна, Мінску, Лідзе, Маскве, Ленінградзе, Троіцку, Зеленаградзе, Таліне, Панявежысе, Шаўляі, Друскінінкаі, Варшаве і і нш.

У  1993 г.  выстава яго  твораў  экспанавалася ў  г.Міндане (Германія). Адна з работ была набыта галерэяй Фраў Фішар. Тры  выставы прайшлі на радзіме ў г. Смаргоні, дзе ён атрымаў званне “Ганаровага грамадзяніна горада” (1993 г.). У маі 1995 г. выстава яго твораў прайшла ў г. Ростаке (Германія), а ў лістападзе 1995 г. - у г. Варшаве (Польша).

Блізкая скульптару народная  тэма. Прыкладам  гэтаму можна назваць кампазіцыі, выкананыя ў  дрэве: “Ясь і Яніна”,  “Жалейка”, ”Сымон-музыка”, “Летапісец”, “Апошняе  жніво”. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім  музеі  Рэспублікі Беларусь  і фондзе  Беларускага саюза  мастакоў.  У  1985 г. кампазіцыя  “Расстраляная  песня” экспанавалася   на  Сусветным фестывалі  моладзі  і студэнтаў  у  г. Маскве. Аўтар  атрымаў  сярэбраны медаль  выставы. Кампазіцыі са шкла  і металу  з  вытокамі асвятлення  сталі  для мастака  эксперыментальнай  работай па  мастацкаму  аздабленню шэрагу  інтэр'ераў. Да ліку эксперыментальных і ўдалых спроб можна аднесці і скульптуру з мазаікай для плавальнага басейна  ГВА “АЗОТ” ( г. Гродна,  60 м2).  Тэматычныя  рэльефныя  кампазіцыі  размясціліся ў  абласным  Палацы юнацкай  творчасці  ў  г. Гродна (каля 100 м.кв.), выкананыя ў  тэхніцы  “выкалатка з  алюмінія” і  ў гіпсе.  Нельга  не сказаць  і  пра мемарыяльныя  дошкі, выкананыя   скульптарам:  удзельнікам пасяджэння  першага  Савета рабочых  дэпутатаў  г. Гродна (1983г. г. Гродна), польскай  пісьменніцы  Зофіі Налкоўскай  (1989 г. г. Гродна),  генералу  А.І. Антонаву (2004 г. г. Гродна), Герою Савецкага  Саюза  Я.Ф. Філіпскіх (2004 г. г. Мінск),  хірургам В.Новікаву, Д.Шавялёву, Ч.Цярэшку (2006 г. г. Смаргонь), суаўтар А.Крахалёў,  заслужанаму  работніку культуры  Беларусі  А.А.Дзяругу (2007 г. г.Смаргонь), народнай артыстцы Беларусі Т.Каламійцавай (2011 г. г.Мінск), суаўтар М. Бакуменка.

У шматлікіх  сваіх  творах аўтар неаднаразова  звяртаецца  да тэмы  Вялікай  Айчыннай вайны. Гэта  кампазіцыі “Няскораны”, “Зноў  аб  вайне”, ”Дарогамі вайны”, “Хвіліна маўчання”, ”Развітанне славянкі”, ”Чаканне”, ”Вясна перамогі” і  інш.

Скульптар  шмат  працуе ў  дробнай  пластыцы з  тэматыкай  самога жыцця  пад  назвай “Ракурс”:  экспрэсіі і спакою, разважання  і задумленнасці, кахання  і  надзеі - тэмы   пошуку  сэнса існавання чалавека на Зямлі.  Як бы  дапаўняючы    гэтую тэму, аўтар  выконвае  серыю малюнкаў  пад  такой жа назвай – “Ракурс”.  Свой  працяг пошуку аб'яднаць гармонію   сасуда  і дробнай  пластыкі  мы бачым  у  даволі вялікай  серыі  работ з  гліны  - кераміцы.

У  1993 г. мастак прымаў удзел у рабоце міжнароднага сімпозіума-пленэра скульптараў   у  г. Міндане (Германія), а  1998 г.  - у  У11  Міжнародным  пленэры, прысвечаным 200-годдзю А.Міцкевіча  (г. Навагрудак).

З 1979 г. па 1986 г. У.В. Церабун  узначальваў Гродзенскую  абласную  арганізацыю БСМ, будучы яе старшыней. У  1976 г. за стварэнне  мемарыяльнага   комплексу “Дальва”    У.В. Церабун  атрымаў прэмію  Ленінскага  камсамола Беларусі. Ён  узнагароджаны  Ганаровай граматай  Вярхоўнага  Савета БССР (1978 г.) і  медалем  “За працоўную  доблесць” (1986 г. г. Масква).  Двойчы  выбіраўся дэпутатам  Гродзенскага  гарадскога Савета  народных  дэпутатаў. Больш  за  50  сваіх твораў  скульптар  перадаў у  дар  музеям рэспублікі  ў  г. Гродна, г. Смаргонь,  в. Гудзевічы Мастоўскага  раёна. Шмат  увагі мастак  надае  развіццю дзіцячай  творчасці: конкурсы, выстаўкі, пленэры. З'яўляецца сябрам  студыі  ваенных мастакоў.

Як  і  ў іншых мастакоў, у скульптара  шмат  мейсца  займае  серыя  партрэтаў: К. Цыалкоўскі, Ю.Гагарын, апаратчыца Г. Дзмітрыева, гімнастка А. Валчэцкая, кампазітар А. Шыдлоўскі, народны  артыст  СССР, БССР  В. Роўда, заслужаны  работнік культуры  Беларусі  А. Дзяруга.

Тры  манументальныя  работы ў  апошняе  дзесяцігоддзе выкананы  ў  суаўтарстве са  скульптарам  А.Крахалевым: памятны  знак да  500-годдзя  заснавання г. Смаргонь, (2003 г.), памятны знак  супрацоўнікам  міліцыі, якія загінулі  пры  выкананні   службовага  і  воінскага абавязкаў  (г. Гродна  2004 г.), памятны  знак  абаронцам г. Слуцка  ў   гады Вялікай Айчыннай  вайны (2005 г.)

У  2006 г.  у  г.п. Бераставіца  Гродзенскай  вобласці ўстаноўлена  скульптурная  кампазіцыя “Дрэва  жыцця” да  500-годдзя заснавання  паселка, у 2007 г. на возеры Свіцязь  усталявана  кампазіцыя “Свіцязянка”, у 2008 г. у г. Скідзелі Гродзенскай  вобласці  выканана кампазіцыя  “Клекат буслоў” з нагоды  500-годдзя  заснавання горада, у  гэтым жа  годзе ў г.п. Зэльва,  што  на Гродзеншчыне,  устаноўлена   кампазіцыя анімалістычнага  жанру  з нагоды  750-годдзя  заснавання паселка. Усе  гэтыя  творы выкананы  з  бронзы і  граніту. У 2010 г. у г. Лагойску была ўстаноўлена кампазіцыя “Саната памяці”, а ў 2013 г. у Смаргоні – памятны знак “Рэха вайны”,  прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананні воінскага абявязку. У 2014 г. у Смаргоні у цэнтральным парку ўсталявана  скульптурная кампазіцыя “Мядзвежая акадэмія”. У.Церабуном  у суаўтарстве  са скульптарам А.Арцімовічам выкананы праект мемарыяльнага комплекса па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ў 1915 – 1917 гг. (г.Смаргонь).

23  красавіка 2006 г.  на радзіме  ў  г. Смаргоні была  адкрыта  14-ая персанальная  выстава  пад назвай  “На хвалях часу”, прысвечаная  60-годдзю   з дня  нараджэння  скульптара. На  ёй было  прадстаўлена  звыш 150  работ:  скульптура, кераміка,  акварэль, малюнкі, фотаздымкі  пад назвай  “Хроніка”  і “Новыя  праекты”  манументальных  работ. У  лістападзе  выстаўка з  поспехам прайшла  ў  г. Гродна.  У  красавіку 2012 г.  у г. Смаргоні   адбылася чарговая – 16  персанальная  выстава пад  назвай “Няспраўджаныя  мроі  ў  творчасці маей”, дзе скульптар прадставіў  35 праектаў-прапаноў манументальнага  мастацтва па аздабленню  і  добраўпарадкаванню  тэрыторый рэспублікі.

У  2007 г.  за дасягненні  ў  развіцці  выяўленчага  мастацтва  яму было прысвоена ганаровае  званне  “Заслужаны дзеяч  мастацтваў  Рэспублікі Беларусь”.

Уся  творчасць  У.В.Церабуна пабудавана  на  акадэмічнай школе бясконцага  пошуку  не толькі  фізічнай  прыгажосці мадэлі  чалавека,  але перш  за  ўсе аўтар  імкнецца  выявіць яе духоўны  стан.  Свой твор скульптар  спрабуе  давесці да  вобразу, знака, сімвала.  Шчырасць самавыказвання - асноўны накірунак яго творчасці.

   Лях Аляксандр Палікарпавіч

 

1945 года нараджэння, беларус, адукацыя вышэйшая. Працуе хормайстрам народнага ансамбля песні і танца імя М.К. Агінскага з 1976 года. З 1980 працуе хормайстрам гэтага калектыву па сумяшчальніцтве. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Палікарпавіча не змаўкае творчае жыццё ансамбля і ў апошнія гады. Калектыў прымаў удзел у выступе мастацкіх калектываў Смаргоншчыны на Рэспубліканскім культуралагічным праекце «Троецкі кірмаш» у г. Мінску (2001 г.), на закрыцці Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага (2002 г., 2006 г., 2009 г.), на сустрэчы ўдзельнікаў Рэспубліканскай экспедыцыі "Дарога да святыняў»  (2002 г.), для ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі «Гістарычныя сядзібы Беларусі: стан і будычыня» у сядзібе М.К.Агінскага ў в.Залессе (2003 г.).
Лях Аляксандр Палікарпавіч атрымаў званне лаўрэата II Усебеларускага фестывалю народнай творчасці «Беларусь - мая песня» (2005 г.), стаў дыпламантам II абласнога конкурсу народных хораў і ансамбляў песні і танца "Над сінім Нёманам" (2006 г.), лаўрэатам абласнога фестывалю "Славянскія спевы» (2008 г.) г.Гродна, прымаў удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства (2009 г.), а таксама на многіх святочных мерапрыемствах горада і раёна. 
У верасні  2007 года народны ансамбль імя М.К. Агінскага падцвердзіў ганаровае званне "народны".  А.П.Лях з'яўляецца ініцыятарам яшчэ аднаго творчага калектыву ў горадзе Смаргонь - гэта  народны хор ААТ «СЗАС». За гады дзейнасці ў калектыве ён праявіў сябе як таленавіты кіраўнік і харавы дырыжор. З 1994  года – настаўнік  музыкі і спеваў сярэдняй школы № 129  г.Мінска і па сумяшчальніцтве – хормайстар  народнага ансамбля песні і танца М.К.Агінскага. 
 

Дукса Мар’ян Мікалаевіч 
Нарадзіўся 5 красавіка 1943 года ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Рана страціў бацьку. У 1958 – 1960 гг. займаўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, закончыўшы яго, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і пачаў працаваць настаўнікам Сольскай сярэдняй школы (1969-1987).
На старонках рэспубліканскай перыёдыкі выступае з вершамі з 1960 года. Выдаў вершаваныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А.Куляшова (1990) за кнігу паэзіі “Заснежаныя ягады” (1989).
Першая кніга паэта - “Спатканне” -  выйшла з друку ў 1967 г. Спатканне сапраўды было прыемным, бо адчувалася, што ў літаратуру прыйшоў новы таленавіты творца, прыйшоў сваім шляхам, роўна, шчыра, нікога не паўтараючы.
Якія праблемы ўздымаў малады аўтар? Пісаў, як і іншыя, пра свае, яшчэ блізкае дзяцінства, пра зямлю і чалавека на ёй, пра каханне ды адзіноту, якая часта мяжуе з гэтым светлым пачуццем. Можна было заўважыць, што паэт вельмі чуйны да роднай прыроды, але сваё захапленне ёю выказвае неяк стрымана, быццам хоча агледзецца навокал, паразважаць. Роздум, разважлівасць, засяроджанасць – гэта  ўжо выразна акрэсленыя рысы ранняй паэзіі Мар’яна Дуксы
Да прыроды ў мастака слова своеасаблівае, пяшчотнае стаўленне. Ён усей душой адчувае яе безабароннасць і лічыць збяднелым у пачуццях чалавека, які не адчувае сваіх каранёў і саей повязі з прыродай.
Самае галоўнае жаданне ў творцы – “у чужое сэрца слова… перасадзіць”.  Цяжка з ей, слоўнай перасадкай. А раптам абсячэш корань? А раптам не прыжывецца? Гэтая зусім не лішняя засцярога заўседы нагадвае М.Дуксу пра пошук самага запаветнага, жывога і дакладнага слова.
Муза паэта так і не параднілася з горадам. Усё свае жыцце, акрамя хіба студэнцкіх гадоў, Мар’ян Дукса звязаў з вёскаю.
Паэты ўвесь час у нястомным пошуку тэмаў. І гэта зразумела. Надакучвае штодзенна смакаваць адзін і той жа боршч, хай ён і аздоблены новымі заправамі. А між тым жыцце і час могуць падкінуць новую тэму. Трэба быць толькі чуйным і мець добры паэтычны зрок.
Словы Мар’яна Дуксы : “Я настойліва сцвярджаю, што паэзія – гэта  своеасаблівая пропаведзь – палітычная, сацыяльная, рэлігійная, маральная, эстэтычная, пропаведзь заўседы гуманістычная па сваей сутнасці. Пропаведзь, дадзеная Богам”.
3 ліпеня 2013 – Ганаровы грамадзянін Смаргоні. 

Памёр у 2019 г. на 77-ым годзе жыцця.

  Голубева Таццяна Генадзьеўна 
Нарадзілася 27 чэрвеня 1947 г. ў горадзе Крычаве Магілёўскай вобласці. Адукацыя вышэйшая – скончыла  Белгарадскі тэхналагічны інстытут будаўнічых матэрыялаў ім. І.А.Грышманава (інжынер-хімік-тэхнолаг), Акадэмію народнай гаспадаркі пры Савеце Міністраў СССР (вядучы спецыяліст па кіраванні).
Працоўную дзейнасць пачала лабарантам, тэхнікам Крычаўскага цэментна-шыфернага камбіната. Працавала электразваршчыкам на Гродзенскім камбінаце будматэрыялаў, інжынерам-тэхнолагам, намеснікам начальніка цэха Смаргонскага камбіната сілікатабетонных вырабаў, сакратаром партыйнай арганізацыі, генеральным дырэктарам вытворчага аб'яднання "Смаргоньсілікатабетон", намеснікам Міністра прамысловасці будаўнічых матэрыялаў БССР, намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.
З 2001 па 2012 гг. – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, з,яўлялася   намеснікам старшыні камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтву, гандлю і прыватызацыі.
Т.Г.Голубевай прысвоена ганаровае званне “Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь”. Узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Замужам, мае двух сыноў.
 

Рожка Эдвард Пятровіч

Герой Сацыалістычнай Працы.

 Нарадзіўся ў 1935 г. ў в. Андрэеўцы Смаргонскага раёна. Скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум (1974). З 1965 г. працаваў загадчыкам вытворчага ўчастка “Сыраваткі”  калгаса “Светлы шлях”. Узнагароджаны  ордэнамі Леніна (1973), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), ”Знак Пашаны” (1971), медалямі. Званне Героя Сацыалістычнай Працы прысвоена  ў 1976 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве з уручэннем яму ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”. Памёр у 2017 годзе.


 
   Роўда Віктар Уладзіміравіч
Сярод таленавітых людзей нашай Бацькаўшчыны, якіх падаравала нам смаргонская зямля, імя Віктара Уладзіміравіча Роўды стаіць асобка. Ужо сёння ў энцыклапедыйных, навуковых і перыядычных выданнях яго ставяць у адзін шэраг з такімі знакамітымі  дзеячамі мастацтва, як  Р.Шырма, И. Цітовіч, М.Аладаў,  А.Багатыроў.    
В.У. Роўда — выдатны харавы дырыжор,  кандыдат мастацтвазнаўства (1956), прафесар Беларускай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі (1978), народны артыст СССР (1990),  з 1965 г. — нязменны кіраўнік і дырыжор хору Беларускага тэлебачанння і радыё. Але лёс гэтага знакамітага сёння чалавека быў дастаткова цяжкім, і шлях да вяршынь мастацтва патрабаваў ад маэстра шмат сіл, здароўя і часам асабістага самаабмежавання.
Радавод сям'і В.У. Роўды, яго карані належаць Нарачанскаму краю. Бацькі музыканта былі родам з Мядзельшчыны: бацька з вёскі Замошша, маці з вёскі Даўжані. Па успамінах Віктара Уладзіміравіча, у тых краях было столькі сем'яў з аднолькавымі прозвішчамі — Роўда — што нават калі некаторыя маладыя бралі шлюб, дык прыходзілася даказваць, што яны не даводзяцца адзін аднаму раднёй. I сёння ў многіх вёсках Мядзельшчыны сустракаюцца нашчадкі, відаць, некалі вялікага старажытнага роду. Пасля Першай сусветнай вайны сям'я Роўдаў пераехала ў Смаргонь,  дзе ў 1921 г. нарадзіўся будучы музыкант. У 1922 г. бацька В.У. Роўды стаў дыяканам, потым — свяшчэннікам. Таму невыпадкова, што В.У. Роўда з маленства з вялікай пашанай і любоўю ставіўся да царкоўнай музыкі, добра ведаў праваслаўныя абрады, а галоўнае — з дзяцінства спасціг на практыцы сутнасць, спецыфіку духоўных харавых спеваў.
3 пяці гадоў В. Роўда пачаў займацца музыкай. Ён не толькі спяваў у царкоўным хоры, але і іграў на многіх музычных інструментах — скрыпцы, мандаліне, балалайцы і інш. У дзевяць гадоў бацькі вырашылі аддаць сына ў духоўную семінарыю ў Вільні. Навучанне ў Вільні было вельмі карысным для наступнага фарміравання асобы музыканта-прафесіянала, які вывучаў шмат гуманітарных дысцыплін, музычных прадметаў, меў магчымасць выступаць з царкоўным хорам, які славіўся на ўвесь горад. За чысціню і хараство голасу «залётным салавейкам» ласкава называлі ў хоры маладога беларускага спевака.
В.У. Роўда атрымаў добрую і разнастайную адукацыю. Дастаткова сказаць, што акрамя Літоўскай кансерваторыі, ён скончыў медыцынскі факультэт Вільнюскага універсітэта. Але музыка перамагла. Асабліва гэта стала відавочна пасля знаёмства з Рыгорам Раманавічам Шырмай. Ужо ў той час Р. Шырма быў дастаткова вядомым чалавекам сярод свядомай беларускай інтэлігенцыі. У Вільні Р. Шырма вёў актыўную культурна-асветную і літаратурна-публіцыстычную дзейнасць: стварыў хор віленскіх студэнтаў, арганізоўваў вечары славянскай песні, працаваў сакратаром галоўнай управы Таварыства беларускай школы, прымаў удзел у рабоце газеты «Наша воля» і г. д. Яшчэ семінарыстам В.У. Роўда спяваў у хоры І. Шырмы, а потым доўгія гады быў у цесных сяброўскіх адносінах. Спевы пад кіраўніцтвам будучага «бацькі беларускай капэлы» з'явіліся для В У. Роўды добрай прафесійнай школай. Пасля вызвалення ў 1939 г. Заходняй Беларусі войскамі Чырвонай Арміі пачаўся новы этап у жыцці Р. Шырмы. Ён атрымаў магчымасць арганізаваць свой прафесійны калектыў — Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, у які запрасіў працаваць і В.У. Роўду.
На станаўленне В.У. Роўды як выдатнага музыканта паўплывалі шмат іншых таленавітых дырыжораў, кампазітараў, выкладчыкаў таго часу. Сярод іх К. Кавяцкас, К Галкоўскі,  А.Свешнікаў — рэктар Маскоўскай кансерваторыі, які ўзначальваў Дзяржаўны хор рускай песні (пазней Дзяржаўмы акадэмічны рускі хор СССР). Праца ў Маскве з хорам А. Свешнікава спрыяла пашырэнню музычнага кругагляду, узбагачэнню прафесійнага вопыту. 3 калектывам А.Свешнікава В.У.Роўда гастраліраваў па ўсім былым Савецкім Саюзе, але ў душы ўсё больш расла мара аб асабістым харавым калектыве.
У 1956 г. В.У. Роўда прыехаў у Мінск. Дзевяць гадоў ён працаваў у Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле БССР, якой кіраваў Р. Шырма, хормайстарам і дырыжорам. Адначасова В.У. Роўда выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 3 1961 г. —дацэнт, з 1964 г. —загадчык кафедры харавога дырыжыравання.
В.У. Роўда выхаваў шэраг таленавітых харавых дырыжораў. Каларытнасць яго асобы, высокі прафесіяналізм прама ці ўскосна ўплываюць на сённяшніх музыкантаў.  Энцыклапедычныя веды ў галіне гісторыі і тэорыі музыкі, эстэтыцы, лацінскай эгымалогіі музычных катэгорый і тэрмінаў, у галіне гісторыі харавога еўрапейскага мастацтва заўсёды вылучаюць У. Роўду, таму ён быў і застаецца вялікім аўтарытэтам у галіне музычнага мастацтва.
Сярод шматграннай дзейнасці маэстра не апошняе месца займае навуковая праца. Вось толькі некаторыя публікацыі і навучальныя дапаможнікі, па якіх і сёння вучацца беларускія студэнты: «Хрэстаматыя па чытанню харавых партытур» (Т. 1-2, 1971-74), «Хрэстаматыя па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975),  зборнікі «Харавыя канцэрты” (1980, 1982, 1984),  «Хары беларускіх кампазітараў на вершы Я. Купалы і Я. Коласа»  (1982), “Харавы вянок” (1985).
3 1965 г. У.В.Роўда з'яўляецца кіраўніком і галоўным дырыжорам Акадэмічнага хору Беларускага тэлебачання і радыё. Практычна ўсе лепшыя харавыя творы беларускіх кампазітараў А. Багатырова, Я. Цікоцкага, А. Туранкова, Р. Пукста, Дз. Лукаса былі выкананы гэтым слаўным калектывам.  Калектыў актыўна выконвае і папулярызуе творы не толькі сталых беларускіх кампазітараў, але і аўтараў сярэдняга і малодшага пакаленняў. Незабыўнымі фактамі гісторыі сталі запісы песень Ю. Семянякі («Радзіма, мая дарагая»), У. Алоўнікава («Песня аб Мінску»), твораў Г.Вагнера (“Вечна жывыя»), Л. Шлег (рэквіем “Памятайце”), Дз. Смольскага (араторыя “Паэт»),  С. Картэса («Памяці паэта»), К. Цесакова («Хатынь»), В. Войціка (“Дзень Радзімы»), а таксама Э.Тырманд, А. Мдзівані, I. Лучанка, Я. Глебава і многіх іншых аўтараў.
Вялікай па мастацкай і сацыяльнай значнасці з'явілася праца хору над анталогіяй Р. Шырмы «Беларускія народныя песні» (т, 1— 2, 1971—73). Фондавы запіс, у якім больш за 200 беларускіх народных песень, стаў своеасаблівай данінай усяму беларускаму народу, яго бясцэннай песеннай спадчыне і, канешне, самому Р. Шырме, усё жыццё якога было аддадзена прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры. Невыпадкова за гэту вялікую працу В.У. Роўду ў 1990 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.
Самаадданая праца хору ў галіне папулярызацыі беларускай музыкі выклікала жаданне маладых камназітараў плённа працаваць у жанры харавой музыкі. З'яўляюцца новыя запісы такіх аўтараў, як Я. Паплаўскі, В. Кузняцоў, А. Бандарэнка, С. Бельцюкоў, М. Літвін, Г. Ермачэнкаў. На сённяшні дзень хорам выканана больш за тысячу харавых твораў беларускай, рускай і сусветнай класікі. Дастаткова назваць імёны такіх кампазітараў, як П. Чайкоўскі, С. Танееў, С. Рахманінаў, М. Рымскі- Корсакаў, І. Стравінскі, Ф. Шуберт,  С. Манюшка, Г. Фарэ, Б. Сметана, Г. Свірыдаў, Дз. Кабалеўскі, Дз. Шастаковіч і інш.
Хор шмат увагі аддае царкоўнай музыцы. Калектыў удзельнічаў у святкаванні 100-годдзя Беларускай полацкай епархіі, 1000-годдзя хрышчэння Русі. З вялікай радасцю і асалодай удзельнікі хору спяваюць у сафійскім саборы ў Полацку і іншых храмах Беларусі.
Даўняе сяброўства звязвала Роўду і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага экзарха ўсея Беларусі Філарэта. Яны пазнаёміліся ў Загорску. Па волі лёсу абодва прыехалі прцаваць у Мінск, і жыццёвыя шляхі іх перакрыжаваліся. Выкананне духоўнай музыкі дапамагала хору знайсці шлях да сэрца  любога слухача. Асабліва гэта тычыцца выканання знакамітага твора М.Равенскага “Магутны Божа” на словы Н. Арсенневай.  Велічная прыгажосць музыкі, прастата і шчырасць слоў аднолькава блізкія і каталікам і праваслаўным, таму гэта песня-гімн гучыць усюды, дзе пануюць дабрыня, чалавечая любоў, сапраўдная вера. Музычнае адраджэнне гэтай песні Роўдай стала прыкметай нашага часу, таму невыпадкова твор Равенскага  стаў адным з прэтэндэнтаў на новы дзяржаўны гімн Беларусі.
За свае ўласныя сродкі набыў самы вялікі царкоўны звон для Спаса-Праабражэнскай царквы.
У 1997 г. быў у пяцёрцы першых, хто атрымаў новую заснаваную прэмію “За духоўнае адраджэнне”, якая штогод прысуджаецца “За выдатныя творы літаратуры і мастацтва, актыўную падзвіжніцкую дзейнасць у гуманітарнай галіне, накіраваную на развіццё прагрэсіўных мастацка-маральных традыцый, якія садзейнічаюць усталяванню духоўных каштоўнасцей, ідэй дружбы і брацтва паміж людзьмі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў”.
Прозвішча Віктара Уладзіміравіча занесена ў музычную энцыклапедыю ЗША, у 18-томную “Беларускую энцыклапедыю”, ён узнагароджаны ордэнам Ф.Скарыны, царкоўнымі ордэнамі князя Уладзіміра, Сергія Раданежскага, Данііла Маскоўскага, польскім ордэнам Марыі Магдаліны.
Памёр 18 лістапада 2007 г. на 87-м годзе жыцця.
Ганаровы грамадзянін г. Смаргоні. Яго імем названа вуліца ў Смаргоні. 
   Дзяруга Аляксандр Анісімавіч
Нарадзіўся 23 жніўня 1901 года ў Ракаве (па іншых звестках, у Мінску) у шматдзетнай сям'і. У дзяцінстве рана страціў маці. І хоць вельмі любіў музыку і ўсё, што з ёй звязана, прафесійнай музычнай адукацыі Аляксандр не атрымаў. Яму давялося шмат паездзіць. Жыў у Беластоку, Вільні, дзе ў 1922 скончыў беларускія настаўніцкія курсы. Некаторы час працаваў страхавым агентам. Магчыма, менавіта тады лёс звёў яго з віленскім адвакатам К.И.Капусцінскім, а пазней і з яго дачкой юнай прыгажуняй-гімназісткай Надзеяй, якую ў сям'і ласкава называлі Дзінай, (пазней яна стала жонкай Аляксандра Анісімавіча).
Сям'я Капусцінскіх была інтэлігентная, адукаваная. Сам Канстанцін Іванавіч скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага універсітэта, пісаў вершы, іграў на скрыпцы, захапляўся пчалярствам. Жонка яго, Ганна Ігнацьеўна,  паходзіла з духоўнай сям'і. Яе бацька І. Ігнатовіч, протаіерэй, быў настаяцелем царквы ў Залессі, а пазней служыў у Смаргонскай Спаса-Праабражэнскай царкве. У яго доме і пасяліліся маладыя, калі ў 1937 годзе прыехалі ў Смаргонь. Тут жа адбылося і вяселле, якую старажылы Смаргоні ўспамінаюць па гэты дзень. Ды і як не запомніць, як маладыя – ён  у чорным фрацы, яна ў доўгай белай сукенцы са шлейфам - ехалі ў калясцы, запрэжанай тройкай белых коней па дарозе, абсыпанай кветкамі. Вянчаў маладых у Спаса-Праабражэнскай царкве дзед нявесты-бацька Ігнат.
Увесь далейшы лёс Аляксандра Анісімавіча аказаўся звязаным са Смаргонню. Музыка стала яго прызваннем, яго любоўю і прапрафесіяй. Ён цудоўна  граў на гітары, мандаліне, балалайцы і цымбалах. Яшчэ ў Вільні лёс звёў яго з Рыгорам Шырмам і Генадзем Цітовічам. Яны разам хадзілі  і ездзілі па беларускіх весках, запісвалі народныя песні і мелодыі, якія пазней увайшлі ў рэпертуар многіх прафесійных і аматарскіх калектываў.
У гады вайны Дзяруга жыў у Смаргоні, удзельнічаў у партызанскім руху. Н.Михайлашаў ў кнізе "Бура гневу" цёпла ўспамінае смаргонскага падпольшчыка, фатографа Аляксандра Анісімавіча Дзяругу. Ён здолеў захаваць фатаграфіі і негатывы многіх супрацоўнікаў СД, жандармерыі і паліцыі, якія звярталіся да яго за здымкамі для дакументаў. Пасля вайны гэтыя здымкі дапамагалі чэкістам шукаць і выкрываць былых памагатых акупантаў.
Пасля вайны Аляксандр Анісімавіч некаторы час працуе загадчыкам раённага Дома культуры (1947 г.), кіруе харавым кружком, дзе тады займаліся каля 30 чалавек. Там жа ў 1947 годзе быў створаны інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам А.А. Дзяругі. Гэты ансамбль прымаў удзел у рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Мінску. Яго прызналі адным з лепшых і ўзнагародзілі граматай. З 1948 года Аляксандр Анісімавіч  - мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры, а ў 1949 г. на базе інструментальнага ансамбля быў створаны цымбальны аркестр, якому ў 1963 годзе было прысвоена званне народнага.
Дзяруга кіраваў ім з дня яго заснавання  да самай сваёй смерці (з 1973 - Апановіч). Ансамбль пабываў на гастролях у многіх гарадах Літвы, Польшчы, Германіі, у Мінску, Маскве. За сваю дзейнасць А. А. Дзяруга быў неаднаразова ўзнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1959, 1960, 1963). А 1 чэрвеня 1960 г. яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Але гэтыя ўзнагароды не былі важнымі ў жыцці музыканта. Галоўнымі сталі тыя любоў і павага, якімі карыстаўся гэты чалавек у смаргонцаў. Да гэтага часу ўспамінаюць ужо дарослыя людзі, як у дзяцінстве ім пашчасціла пабываць у доме Аляксандра Анісімавіча і Надзеі Канстанцінаўны на навагодніх святах, якія арганізоўваліся для дзятвы з усёй вуліцы. У самым  вялікім пакоі дома, дзе стаяў раяль, ставілі ёлку, упрыгожаную цацкамі ... Надзея Канстанцінаўна рыхтавала для дзяцей няхітрыя сувеніры, прыдумывала гульні, гуляла на раялі. А дзеці спявалі песні, вадзілі карагоды, чыталі вершы. А яшчэ Дзяругі першымі на сваёй вуліцы купілі тэлевізар, і Аляксандр Анісімавіч заўсёды запрашаў суседскіх дзяцей у дом паглядзець мультфільмы. Пры доме быў вялікі сад, дзе заўсёды дазвалялася гуляць дзецям.
Было ў Аляксандра Анісімавача яшчэ адно захапленне -  фатаграфія. Яго можна было бачыць з фотаапаратам на гарадскіх святах, школьных выпускных, выставах. У альбомах многіх смаргонцаў можна ўбачыць гэтыя невялікія фатаграфіі, зробленыя Дзяругам. І ніколі ён не браў за іх ні капейкі. Быў Аляксандр Анісімавіч чалавекам неабыякавым, уважлівым, прыязным і вельмі любіў дзяцей. Яны гэта адчувалі і цягнуліся да яго ўсёй душой. Для Дзяругі не было неталенавітых дзяцей. У свой цымбальны аркестр ён прымаў усіх жадаючых, абы яны любілі музыку. Ён праводзіў  ўрокі спеваў, і арганізоўваў музычныя гурткі ў школах горада, арганізоўваў для дзяцей бясплатныя экскурсіі ў іншыя гарады.
На вуліцах Смаргоні часта можна было бачыць заўсёды кудысьці спяшаючага сівога чалавека з пацёртым жоўтым партфелем у руках і нязменным фотаапаратам. Ад яго ўважлівага позірку нічога не выпадала. А потым гэтыя яго назіранні знаходзілі адлюстраванне ў артыкулах, якія з'яўляліся на старонках раённай газеты.
Аўтар шэрагу апрацовак для цымбальнага аркестра, у т.л. народных песень беларускіх «Лянок» і польскіх «Трамблянка». Напісаў «Марш піянераў Смаргоні», вальс «Нарач», «Святочную» і іншыя. Зрабіў шмат запісаў беларускага песеннага і інструментальнага фальклору («У Марцінавым саду», «Залескія прыпеўкі», «Смаргонская полька»).
Памёр Аляксандр Анісімавіч 25 мая 1979 года на 78-м годзе жыцця. Пахаваны на старых могілках у Смаргоні. Ягоная любоў да музыкі перадалася ўсім яго дзецям - Мікалаю, Яўгену і Таццяне. Сыны, скончыўшы кансерваторыі, сталі прафесійнымі музыкамі. Мікалай - педагог, кампазітар, піяніст, а Яўген - таленавіты скрыпач, аб'ездзіў з канцэртамі ўсю Еўропу. Яны жывуць у Мінску. Дачка Таццяна, урач, жыве ў Вільні.
Ганаровы грамадзянін Смаргоні (1993). Яго імем названа вуліца ў Смаргоні. 
   Шыдлоўскі Аляксандр Канстанцінаві
Культурны дзеяч, кампазітар. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1960). Нарадзіўся ў сялянскай сям’і 18 чэрвеня 1911 г. у в. Мінкі Смаргонскага раёна.
У час 1-й сусветнай вайны сям'я Шыдлоўскіх была ў бежанстве ў Сібірску (1914-1921). Пасля вяртання А. Шыдлоўскі ў 1927 г. скончыў 5 класаў і паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся з беларускімі дзеячамі міжваеннага часу — Р.Шырмам, С. Паўловічам, М. Гарэцкім, А. Станкевічам. У гімназіі далучыўся да падпольнага беларускага камуністычнага руху, за што быў з гімназіі выключаны (1929). З гэтага ж года вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі, але хутка па патрабаванні паліцыі быў выключаны. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, за што неаднаразова быў арыштаваны польскімі ўладамі. У 1928 стаў інструктарам беларускага парламенцкага клуба ў польскім Сейме «Змаганне», выконвае падпольныя даручэнні КПЗБ. У 1930 г. быў дэлегатам сялянскага кангрэсу моладзі ў Берліне.
У 1930 г. арыштаваны на Браслаўшчыне. Зняволены ў розных турмах Польшчы. Выйшаў на волю ў 1936 г. і працаваў у Варшаве (на вугальным складзе, у псіхіятрычнай бальніцы, на будоўлі). У 1937 г. зноў трапляе ў турму. Быў пазбаўлены на 10 гадоў грамадзянскіх правоў.
У 1938 А. Шыдлоўскі разам са сваім братам Язэпам Урбановічам ствараюць апошнюю ў Польшчы легальную беларускую арганізацыю — Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве. Праца арганізацыі была скіравана да беларускіх рабочых у Варшаве. Тым часам А. Шыдлоўскі пасябраваў з паэтам-падпольшчыкам М. Танкам. У гэты ж час А. Шыдлоўскі збіраў беларускія народныя песні, апрацоўваў іх, спяваў у беларускіх хорах.
З 1940 г. — артыст Беларускага ансамбля песні і танца (пазней і вядучы канцэртных праграм). Падчас Вялікай Айчыннай вайны А. Шыдлоўскі быў артыстам хору Рыгора Шырмы, выступаў перад параненымі ў шпіталях, працаўнікамі тылу, ездзіў на фронт. У 1944 г. выступае перад байцамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў, жыхарамі Гомеля, Мінска, Гродна. У ансамблі знайшоў сваю жонку – Барбару Яфімаўну. Разам выхавалі трох дзяцей.
Скончыў завочна гістфак Маскоўскага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (1950), настаўнічаў у СШ №3 г. Гродна, кіраваў вучнёўскім хорам. Кіраваў хорам на розных прадпрыемствах. У 1960-1971 гг. – працаваў дырэктарам абласнога Дома творчасці  (з 1991 — метадычны цэнтр). Адкрыў першы на Беларусі музей народнай творчасці.
Аўтар вядомых песень «Ой, ты, Нёман родны», «Песня пра Гродна», «Колькі ў небе зор», “Дарагая мая Беларусь” і інш. (усяго – болей за 200).  Выйшаў асобны зборнік «Песні» (1964). Таксама А. К. Шыдлоўскі стварыў некалькі песенных калектываў.
Ганаровы грамадзянін гарадоў Гродна і Смаргоні.
Памёр 26 верасня 2002 г. Пахаваны ў Гродна. 
 
 Трохалева Лілія Уладзіміраўн
Лілію Уладзіміраўну Трохалеву добра ведаюць у нашым горадзе. Болей 40 гадоў яе жыцця былі звязаны са Смаргонню. Вуліцы горада яшчэ помняць жанчыну з палачкай, з добрымі і вельмі ўважлівымі вачыма. Гэта адна з самых вядомых самадзейных мастачак Беларусі. Лілія Уладзміраўна Трохалева часта выстаўлялася, пра яе шмат пісалі газеты, яе работы блізкія і любімыя людзьмі рознага ўзросту і прафесій.
У мастацтва Лілія Уладзіміраўна прыйшла незвычайна. Абстаноўка, якая акружала яе з дзяцінства, не магла не паўплываць на фарміраванне яе таленту, душы і светапогляду. Нарадзілася яна 17 жніўня 1925 г. у в. Дабрынёва Мінскай вобласці, у сям’і настаўнікаў Савіцкіх. Сям'я была вельмі інтэлігентная і вельмі таленавітая, жылі небагата. Але тут любілі музыку, літаратуру, добра ведалі творчасць рускіх і замежных мастакоў. Вечарамі часта гучала музыка, так як усе члены сям’і гралі на тым ці іншым народным інструменце. Усе, так або інакш, датычыліся мастацкай творчасці. Малявалі бацька, маці, дзед. У яе доме да самай смерці захоўваліся работы, напісаныя імі. 
Мастацкі талент выявіўся ў Лілі Савіцкай вельмі рана. Маляваць яна пачала ў 4-гадовым узросце. А калі ў 1933 г. пайшла ў першы клас, то з гэтага ж часу пачала прымаць актыўны ўдзел у мастацкім афармленні школьных газет. Альбом з яе малюнкамі экспанаваўся на раённай выставе дзіцячай творчасці. З гэтага часу пачаўся яе цяжкі і вельмі нялёгі шлях далучэння да свету цудоўнага. З кожным годам усё прыкметней і ярчэй выяўляліся яе здольнасці да малявання. Лілі прарочылі вялікую будучыню. Дзяўчынка марыла пасля заканчэння школы паступіць у Ленінградскае мастацкае вучылішча, каб стаць прафесійным мастаком.
У 1941 г. Лілія Уладзіміраўна скончыла сем класаў. Сям’я ў гэты час жыла на Гомельшчыне ў  в. Цярэнічы. Але пачалася вайна, якая разбурыла ўсе мары, крута змяніла жыццё. Прыйшлося адмовіцца ад любімага занятку. Да пастаянных заняткаў жывапісам Лілія Уладзіміраўна змагла вярнуцца толькі праз 20 гадоў, калі стала дарослым чалавекам.  А ў ваенныя і пасляваенныя гады думаць аб вучобе не было калі, патрэбна было дапамагаць сям’і.
З 1943 г. па 1947 г. яна працавала піянерважатай у Цярэнічскай школе, пазней загадвала хатай-чытальняй і была сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса. А ў 1948 г. з’язджае далёка на Усход, на в. Сахалін. Там яна выходзіць замуж і разам з сям’ёй прыязджае ў г. Смаргонь. З гэтага часу ўсё яе жыццё было звязана з нашым горадам. Яна працуе сакратаром у СШ №1 да самай пенсіі.
У сям’і было трое дзяцей, якія патрабавалі вялікага клопату і ўсёй яе ўвагі. Часам здавалася, што дамашнім турботам не будзе канца. А так хацелася зноў вярнуцца да любімага занятку. Ішоў час, дзеці падрасталі, жыццё наладжвалася. З’явілася трохі свабоднага часу. І Лілія Уладзіміраўна выкарыстоўвае кожную свабодную хвілінку, каб пісаць.
З 1962 г. пачынаецца бесперапынная, творчая праца Трохалевай, якая дазволіла дамагчыся выдатных вынікаў. Яна старанна піша з натуры. Пазней мастачка ўспамінала, што тыя навыкі, якімі яна валодала і якія здаваліся істотнымі, зараз здаліся вельмі беднымі. Неабходна было вучыцца, шмат і ўпарта. І з гэтага часу яна вельмі шмат малюе з натуры, робіць дзясяткі і сотні накідаў, замалёвак. Звяртаецца да метадычнай літаратуры па выяўленчаму мастацтву, вывучае творчасць знакамітых мастакоў. Асабліва блізкай для яе была творчасць мастака Шышкіна. Па магчымасці наведвала выставы, дзе знаёмілася з іншымі мастакамі. Дома паступова назапашваюцца карціны. Яна становіцца ўдзельніцай гарадскіх і раённых выстаў.
Хутка ў горадзе загаварылі аб таленавітай  жанчыне. Усё часцей у хату на Піянерскай прыходзілі людзі, каб палюбавацца яе работамі, пагаварыць аб мастацтве, купіць упадабаную карціну.
Было ў Ліліі Уладзіміраўны яшчэ адно захапленне – тэатр. Працуючы сакратаром у школе, яна некаторы час кіравала драмгуртком. Адна з ролей, якую яна выконвала з вялікім поспехам, была роля Кабаніхі ў драме “Навальніца” М. Астроўскага. У 1958 г. яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай за творчыя поспехі і актыўны ўдзел у развіцці самадзейнага мастацтва.
У 1967 г. на абласной выставе самадзейнага мастацтва ўпершыню экспануецца яе работа “Лес”. А яшчэ праз тры гады Лілія Уладзіміраўна прымае ўдзел у Рэспубліканскай выставе, якая праходзіла ў Мінску. Тут было прадстаўлена ўжо сем яе работ: “Партрэт настаўніка фізікі”, “Вуллі”, “Дарога на Вільнюс”, “Лес”, “Сосны”, “Елкі”, “Вясновы пейзаж”. Работы адразу ж прыцягнулі да сябе ўвагу спецыялістаў і частка іх была набыта Рэспубліканскім Домам народнай творчасці. У 1972 г. прымае ўдзел у новай выставе, прысвечанай 50-годдзю заснавання СССР, у Мінску. Усе пяць карцін (“Вырубка”, “Восень у сасновым лесе”, “Калужніца”, “Заход”, “Ручаёк”) адрозніваліся жыццярадаснасцю, глыбінёй пранікнення ў самыя тонкія адценні прыгажосці прыроды. Работы Трохалевай адразу ж звярнулі на сябе ўвагу своеасаблівай тэхнікай і ўласцівым толькі ёй адной стылем.
Шмат добрых водгукаў атрымалі карціны Трохалевай, якія выстаўляліся на Усесаюзнай выставе самадзейнай мастацкай творчасці “Слава працы” (Масква, 1974 г.). Тут экспанаваліся карціны, з якімі ўжо пазнаёміўся беларускі глядач. Некалькі работ былі выстаўлены за мяжой: “Лён цвіце” (1976 г., ГДР), “Партрэт настаўніка фізікі” (1975 г., Польшча, Чэхаславакія, ФРГ). Карціна “Дарога на Вільнюс” была ўзнагароджана Дыпломам І ступені Усесаюзнага выстаўкома і ў 1975-1977 гг. экспанавалася амаль ва ўсіх саюзных рэспубліках і буйных гарадах Урала, Сібіры, Далекага Усходу.
У 1977 г. Лілія Уладзіміраўна стала Лаўрэатам Першай Усесаюзнай выставы “Самадзейныя мастакі – Радзіме!”.
У 1981 г. яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускага Рэспубліканскага Савета прафсаюзаў за вялікія творчыя дасягненні і папулярызацыю беларускага самадзейнага мастацтва.
Асабліва шмат поспехаў і праўдзівае прызнанне яе творчасці  прынёс Трохалевай 1985 год.  Ёй быў прысуджаны Ганаровы дыплом удзельніка Усесаюзнай выставы самадзейнага выяўленчага мастацтва (г. Масква), у сакавіку – Дыплом за удзел у Рэспубліканскай выставе самадзейных мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі (г. Мінск), у жніўні – за вялікі ўклад у народную творчасць імя Л.В. Трохалевай было занесена рашэнне Смаргонскага гарадскога Савета народных дэпутатаў у Кнігу Працоўнай Славы.
У сакавіку 1993 г. ёй было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна г. Смаргоні за вялікі ўклад у развіццё і адраджэнне нацыянальнай культуры.
Памерла мастачка 2 снежня 1996 г. У нашым музеі захоўваецца 29 яе карцін і вялікая калекцыя яе алоўкавых малюнкаў-эскізаў.
Лілія Уладзіміраўна спрабавала сябе ў розных жанрах выяўленчага мастацтва. Яна пісала партрэты, стварала цудоўныя алоўкавыя малюнкі. Але асноўнае месца ў яе творчасці займаў пейзаж. У ім раскрыўся сапраўдны талент мастачкі, якая асабліва любіла прыроду, тонка яе адчувала і ўмела праўдзіва перадаваць яе вечную і непаўторную прыгажосць на сваіх палотнах. Кожная яе работа – гэта вынік доўгіх пошукаў, роздумаў, вынік крапатлівай працы. Прырода для яе не толькі майстэрня, але і храм, у які яна заўсёды ўваходзіла з чыстым і адкрытым сэрцам. І гэта любоў і шанаванне прыроды добра адчуваецца ў яе карцінах, прыцягвае да іх увагу гледачоў.
   Ватаева Тамара Сяргееўна
Нарадзілася 30.12.1923 г. у с.Зяркальскае Шыпуноўскага раёна Алтайскага краю. Скончыла настаўніцкі інстытут (1952). З кастрычніка 1944 г. на Беларусі. Жыццё трывала і назаўсёды звязала Тамару Сяргееўну са  Смаргонню. Працавала настаўніцай пачатковых класаў і выкладала гісторыю, у 1960 – 1963 гг. – дырэктар раённага Дома піянераў і школьнікаў, у 1963 – 76 гг. – настаўніца гісторыі і бібліятэкар СШ № 2. Захаплялася краязнаўчай, пошукавай работай, вывучала гісторыю роднага краю. У СШ № 2 стварыла краязнаўчы музей і Залу Славы. Пасля выхаду на пенсію арганізавала і кіравала клубам “Пошук” (1982 – 1993), які па ўсім былым СССР адшукваў удзельнікаў вызвалення Смаргоні. Разам з членамі клуба сабрала вялікі краязнаўчы матэрыял, што дазволіла адкрыць пры раённым Доме піянераў і школьнікаў Залу Славы і Памяці. Зала стала цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання падлеткаў усяго раёна. Праводзіліся шматлікія сустрэчы, экскурсіі для школьнікаў раёна. Пры Зале працавалі клубы “Баявыя сяброўкі” і “Настаўнік”.

Узнагароджана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларусі, значкамі “Выдатнік асветы РСФСР”, “Выдатнік народнай асветы”, шматлікімі іншымі ганаровымі граматамі, юбілейнымі медалямі.

Ганаровы грамадзянін Смаргоні  (1993).

Памерла ў 2017 г. на 94-м годзе жыцця.

    Кукарэка Пётр Конанавич

Нарадзіўся ў 1919 г. ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Працаваў у райкоме партыі і райвыканкаме, у 1953 – 80 гг. старшыня калгаса імя Калініна. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й (1945) і 2-й (1985)  ступені, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), 2 ордэнамі “Знак Пашаны” (1949, 1958), 15 медалямі.