19 жніўня гасцінная Смаргоншчына ў чарговы раз запрашае на фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”. У праграме будуць элементы свята, якія сталі шматгадовай традыцыяй, але чакаюцца і навінкі. Пра ўсё гэта нам расказала начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва.
“Безумоўна, “Кераміка Крэва” не можа адбыцца без пляцоўкі керамістаў і майстроў народнай творчасці. Гасцям можна будзе не толькі набыць сувеніры, посуд, тэкстыль і іншыя аўтарскія вырабы, але і паўдзельнічаць у майстар-класах”, - расказала Таццяна Мар’янаўна.
Асноўныя падзеі свята адбудуцца ўнутры замка і звонку, перад брамай. Унутры замка гасцей будуць чакаць інтэрактыўныя пляцоўкі з сярэднявечнымі забавамі, а таксама разгорнецца панарама падзей Першай сусветнай вайны. Конны рыцарскі турнір упершыню адбудзецца ўнутры замка, а не па-за яго межамі.
А перад замкавай брамай жыхароў і гасцей Крэва будуць забаўляць народны ансамбль “Вечарынка”, народны ансамбль народнай песні “Хутарок”, заслужаны аматарскі калектыў “Жытніца”, вакальны ансамбль “Бліскавіца”.
Найбольш зацікаўленыя аматары гісторыі збяруцца ля дазорнай вежы . Адтуль будуць адпраўляцца аглядныя экскурсіі. Іх арганізуе краязнаўчы музей Крэўскай сярэдняй школы. “Вельмі рэкамендую наведаць яшчэ і школьны музей. Там ёсць сапраўды ўнікальныя экспанаты, звязаныя з гісторыяй замка і мястэчка”, - заўважыла Таццяна Ражэва.
На свяце ніхто не павінен застацца галодным. “Карчомку па-крэўску” плануюць арганізаваць работнікі культуры. Там можна будзе пакаштаваць традыцыйныя стравы Смаргоншчыны.
Будзе працаваць таксама дзіцячая гульнявая пляцоўка.
Ужо ўвечары гістарычная частка свята саступіць месца больш сучасным забавам. На пляцоўцы перад замкам адбудзецца канцэрт “PerfomanceShowStudio”, а пасля яго - святочная дыскатэка. А ўнутры замка можна будзе паглядзець фаер-шоу.
Дабрацца на свята можна будзе як на ўласным аўтамабілі, так і з дапамогай грамадскага транспарту. Дадатковыя аўтобусы будуць адпраўляцца ад магазіна “Каласок” у 13.30 і 19.30, а назад на іх можна будзе вярнуцца з Крэва ў 18.00 і 00.15.
Больш падрабязна аб падзеях свята можна даведацца на сайце раённага Цэнтра культуры.
Віялета ВОЙТКА.