Пасля часовага зніжэння зноў у нашай краіне, у тым ліку і ў нашым раёне, фіксуецца рост захворвання на каранавірус.
Міністэрствам аховы здароўя распрацаваны комплекс немедыкаментозных санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне распаўсюджвання COVID-19. Важная роля адводзілася сацыяльнаму дыстанцыраванню – мінімізацыі кантакту паміж патэнцыйна інфіцыраванымі і здаровымі людзьмі. Каб стрымаць распаўсюджванне вірусу рэкамендавалася так арганізаваць сваё жыццё, каб на тры чвэрці скараціць кантакты за межамі дома і працы і на адну чвэрць – на працоўным месцы. Па тым, як пасля снежаньскага піка зарэгістраваных выпадкаў інфіцыравання каранавірусам лічбы пачалі паступова зніжацца, з’явілася надзея на паляпшэнне сітуацыі. Аднак статыстыка мінулага тыдня зноў выклікае пэўныя хваляванні.
Як паведаміла карэспандэнту рэдакцыі газеты “Светлы шлях” галоўны санітарны ўрач Смаргонскага ЗЦГЭ Марына Турэйка, па выніках мінулага тыдня (з 11 па 18 студзеня) колькасць інфіцыраваных COVID-19 павялічылася на 70 працэнтаў. На думку эпідэміёлагаў, такі прырост выкліканы тым, што падчас навагодніх і калядных святаў смаргонцы не адмовіліся ад гасцявання і пасядзелак за святочным сталом у шчыльных сяброўскіх кампаніях. Хаця большасць арганізацый і ўстаноў адмовіліся ад правядзення святочных карпаратываў, тым не менш рознага роду мерапрыемствы ладзіліся і не ўсюды выконваліся патрабаванні санітарна-эпідэміялагічнай службы адносна праветрывання памяшканняў, або іх іанізацыі, захавання сацыяльнай дыстанцыі, нашэння масак, апрацоўкі рук дэзынфіцыруючымі сродкамі. Выпадкі захворвання зарэгістраваны на прамысловых прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі і ў вайсковай часці.
Эпідэміялагічная служба нагадвае грамадзянам пра неабходнасць выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя, прытрымлівацца правілаў паводзін падчас пандэміі. Нягледзячы на халоднае надвор’е, нельга адмаўляцца ад рэгулярных праветрыванняў памяшканняў. А ў грамадскіх месцах абавязкова карыстацца маскамі. А аднаразавыя, дарэчы, неабходна мяняць кожныя 2 гадзіны.
На 19 студзеня ў Беларусі зарэгістравана больш як 230 тысяч чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Паправіліся больш за 210 тысяч пацыентаў. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1600 пацыентаў с COVID-19. Усяго ў Беларусі прведзены 4 млн 272 тыс. тэстаў.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.