Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.01.2021

Навагодні цуд

 Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Яслі-сад №15 г. Смаргоні" прыняла актыўны ўдзел у штогадовай рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", адкрыццё якой стала яркім і запамінальным. З вялікім задавальненнем выхаванцы танцавалі, спявалі і гулялі ў зімовыя гульні. З вясёлым і выдатным настроем усе пакінулі залу, бо гэта было толькі пачаткам акцыі, а наперадзе хлопчыкаў і дзяўчынак чакала шмат цікавых мерапрыемстваў.
Візіт інспектара ДПС АДАІ Смаргонскага РАУС стаў сапраўдным святам для выхаванцаў. Тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі дапамагло дзецям успомніць аб неабходнасці выканання правілаў дарожнага руху. Прыемным сюрпрызам для дзяцей стала ўручэнне падарункаў.
Дзеці вельмі любяць казкі, а які Новы год без чараўніцтва, казачных прыгод і лясных жыхароў? У рамках акцыі "Нашы дзеці" выхаванцы другіх малодшых груп трапілі ў казку. Добры настрой і ўзаемадапамога паспрыялі пераадоленню ўсіх перашкод. Выхаванцы вырабілі сваімі рукамі гірлянды і ёлачныя цацкі. Усе навагоднія ўпрыгожванні дзеці падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам першай малодшай групы. Цудоўна, што з малых гадоў дзеці вучацца рабіць дабро.
Цікавай і займальнай падзеяй для ўстановы адукацыі стала выстава “Замест ёлкі навагодні цуд”. Цудоўныя ідэі, творчыя знаходкі, фантазіі былі ўвасоблены ў работах выхаванцаў. Дзеці, разам са сваімі бацькамі, творча падышлі да стварэння цудоўнай казкі сваімі рукамі.

Напярэдадні навагодніх святаў Дзед Мароз даслаў да выхаванцаў Снегавіка. Вясёлы госць пагуляў з дзецьмі, паслухаў вершы пра зіму і Новы год, загадаў загадкі і ўручыў запрашэнне на навагоднія святы.

На навагодніх святах дзеці ўсіх груп акунуліся ў чароўны свет, дзе іх сустрэлі розныя казачныя героі і вясёлы Дзед Мароз. Усіх прысутных захапляла атмасфера свята і чараўніцтва. Рознакаляровыя гірлянды і ярка ўпрыгожаная зала дадалі дзецям адчуванне цуду. Хлопчыкі і дзяўчынкі вадзілі карагоды каля навагодняй ёлкі, расказвалі вершы і гулялі. Мора радасці і эмоцый выклікалі падарункі, уручаныя дзецям з рук самога Дзядулі Мароза.
У Новы год аніводнае дзіця не павінна застацца без увагі, клопату і падарункаў, бо чужых дзяцей не бывае – у гэтым галоўны пасыл рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці". Нашы выхаванцы, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, дадаткова атрымалі салодкія падарункі, і зроблена гэта было ад усёй душы.

Шмат радасці атрымалі нашы хлопчыкі і дзяўчынкі падчас правядзення акцыі. Яны пераканалаіся, што калі верыць у навагодні цуд, ён абавязкова здзейсніцца.

Автор: Ірына ЗЕНКЕВІЧ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.