Наша зямлячка Паліна ДВАРАНСКАЯ стала сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Такім чынам, маладая аўтарка, ураджэнка Смаргоншчыны, не толькі ўмацавала свой статус у беларускай літаратурнай прасторы, але і пацвердзіла, што юныя таленты, якія працуюць з асабістай адказнасцю і любоўю да слова, знаходзяць прызнанне і падтрымку.
Навіна пра ўступленне Паліны Дваранскай у СПБ выклікала шырокі рэзананс. Маладая аўтарка атрымала шмат віншаванняў ад родных, сяброў, аматараў літаратуры.
«Безумоўна, не чакала такога хуткага прызнання і ўвогуле не мела за мэту атрымліваць узнагароды за сваю творчую дзейнасць. Самае галоўнае для мяне заўсёды было пісаць і самаўдасканальвацца ў гэтым кірунку. Цяпер я з’яўляюся не толькі самым маладым сябрам Саюза, але і самым маладым беларускім аўтарам, які выдаў уласную кнігу, – зазначае Паліна і дадае: – Новы статус не толькі прыносіць радасць, але і накладвае вялікую адказнасць. Ён стымулюе развівацца далей, больш глыбока і высока падымаючы планку ўласнай творчасці».
На бліжэйшую перспектыву ў 19-гадовай пісьменніцы вялікія планы, але іх рэалізацыю стрымлівае вучоба, якая забірае шмат часу. Паліна вучыцца на 2 курсе філалагічнага факультэта БДУ. «Пакуль раблю літаратурныя накіды, з якімі крыху пазней буду працаваць», – кажа дзяўчына.
Цяпер жа прыхільнікі творчасці Паліны Дваранскай могуць знайсці ў лістападаўскім нумары часопіса «Бярозка» інтэрв’ю з ёй, а ў лістападаўскай «Маладосці» апублікаваны Палініны замалёўкі з дзяцінства. «Для мяне вельмі важны і каштоўны матэрыял, бо гэта ўспаміны мае асабістыя, а таксама родных і суседзяў. Матэрыял, мяркую, просты для ўспрымання, хоць праца над яго стварэннем, а таксама рэдагаванне былі вельмі доўгімі. Я раілася з татам, мамай і старэйшай сястрой. Атрымалася своеасаблівая ода малой радзіме – аграгарадку Ардашы. І, бясспрэчна, у планах працягваць гэту рубрыку ўспамінаў: падключаць яшчэ сваякоў і аднавяскоўцаў», – падзялілася маладая пісьменніца.