Памяшканне “беларуская хатка” ў нашых яслях-садзе №14 нарадзілася з маленькай выставы, прысвечанай прадметам побыту. Увесь калектыў установы збіраў экспанаты ў сваіх сваякоў і знаёмых. Пасля да гэтай справы далучыліся бацькі выхаванцаў, а таксама калектыў СШ №6. Уся атмасфера памяшкання прасякнута духам мінулага.
У нашай “хатцы” шмат цікавага: розныя прадметы побыту і прылады працы беларускіх сялян, узоры ткацтва і вышыўкі, ганчарныя вырабы. Менавіта тут праводзяцца заняткі па патрыятычным выхаванні і далучэнні дзяцей да нацыянальнай культуры Беларусі. Мы расказваем нашым выхаванцам пра тое, як і ў якіх хатах жылі нашы продкі, якія рэчы, прылады працы выкарыстоўвалі, як пралі, ткалі, прасавалі адзенне.
Нядаўна мы праводзілі мерапрыемства для дзяцей сярэдняй групы. Малыя з захапленнем разглядалі розныя эспанаты. Асаблівую цікавасць у выхаванцаў выклікаў стары куфэрак. Разглядаючы ручнік, дзеці зацікавіліся беларускім арнаментам і даведаліся, што кожны яго сімвал нешта азначае. Таксама экскурсавод ім расказала пра асаблівасці вырошчвання і апрацоўкі льну, з якога выраблялася тканіна для рушнікоў.
А пасля быў вясёлы карагод “Пасеялі дзеўкі лён”. Музычны кіраўнік распавяла пра той доўгі шлях, які ператварае ільяное зерне ў прыгожы ручнік. Выхаванцы расказалі гаспадыні прыказкі і прымаўкі пра працу, гулялі ў народныя гульні, вадзілі карагоды. Пасля мерапрыемства дзеці пастараліся намаляваць элементы беларускага арнаменту.
Мы спадзяёмся, што пасля такіх заняткаў у нашых выхаванцаў абавязкова ўзнікне жаданне ведаць свае вытокі, свае карані.
Святлана СІНКЕВІЧ, выхавальніца.Святлана РАЙБЭ, музычны кіраўнік ясляў-сада №14.