Галоўная / Навiны / Навiны раёна
01.12.2025

Сустрэча з гісторыяй: Галіна Антонава прадставіла кнігу «Вайна ў асобах» пагранічнікам

У канферэнц-зале вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы адбылася сустрэча ваеннаслужачых з публіцыстам, краязнаўцам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Галінай Антонавай. Падставай для сустрэчы стала прэзентацыя яе новай кнігі «Вайна ў асобах. Непрыдуманыя гісторыі».

Гэта кніга – вынік шматгадовай працы журналісткі газеты «Светлы шлях». На працягу дваццаці гадоў Галіна Антонава збірала і запісвала ўспаміны ўдзельнікаў і сведкаў  Вялікай Айчыннай вайны, ствараючы ўнікальны архіў жывых гісторый. Усе яны былі апублікаваны ў газеце, а пазней сабраны пад адну вокладку. Кожны аповед у кнізе – гэта гісторыя простага чалавека, яго перажыванняў, страхаў, мужнасці і надзеі.

Цікавым момантам сустрэчы стаў інтэрактыў. Аўтар не толькі расказала пра сваю працу, але і прапанавала вайскоўцам самім стаць удзельнікамі дыялогу. Ваеннаслужачыя чыталі вытрымкі з кнігі і абмяркоўвалі пачутае.
«Гэта быў не аднабаковы выступ, а менавіта дыялог. Цяжка вызначыць, наколькі важна, каб сучаснае пакаленне, асабліва тыя, хто абараняе мяжу Беларусі, чула гэтыя галасы з мінуўшчыны», – адзначыла падчас сустрэчы Галіна Антонава.

Фіналам мерапрыемства стаў момант, калі пісьменніца падарыла асобнік сваёй кнігі бібліятэцы вучэбнага цэнтра. Выданне стане каштоўнай крыніцай для патрыятычнага выхавання маладых вайскоўцаў. Такія сустрэчы мацуюць сувязь пакаленняў і нагадваюць пра важнасць захавання гістарычнай памяці.
Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ

Фота Паўла НІКАЛАЙЧЫКА