Хутка для школьнікаў пачнецца прыемны час – першыя ў гэтым навучальным годзе канікулы. Сёлета восеньскія вакацыі прадоўжацца з 30 кастрычніка па 6 лістапада.
Можна бавіць тыдзень дома, а можна ў школьным дзённым лагеры. Бацькі маюць магчымасць набыць пуцёўкі, каб іх дзеці з карысцю правялі вольныя ад вучобы дні. Як паведамілі спецыялісты раённага ўпраўлення адукацыі, у Смаргонскім раёне запланавана работа 12 школьных лагераў ва ўсіх гарадскіх навучальных установах, у тым ліку ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, ВПК “Яслі-сад - пачатковая школа”, у трох сельскіх школах: у Вішнева, Крэве і Залессі. Там гатовы прыняць 325 дзетак. Кошт пуцёўкі за шэсць дзён адпачынку (30 кастрычніка і з 2 па 6 лістапада), у залежнасці ад узросту школьніка, складае ад 13 да 18 рублёў.
У кожнай навучальнай установе праграма правядзення вольнага часу распрацоўваецца індывідуальна, з улікам усіх санітарна-прафілактычных мерапрыемстваў і рэкамендацый санітарна-эпідэміялагічнай службы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Традыцыйна будуць працаваць і спартыўныя лагеры для выхаванцаў дзіцяча-юначай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, ДЮСШ прафсаюзаў і ДЮСШ па футболу. Усяго 125 юных спартсменаў маюць магчымасць наведваць гэтыя лагеры.
Ала КЛЕМЯНОК.