Летась газета “Светлы шлях” сумесна з раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі распачалі цікавы праект “The future of mass media”. Далучыцца да яго мелі магчымасць усе, хто марыў пра журналістыку, спрабаваў свае сілы ў напісанні тэкстаў для друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, да насценнага друку і інтэрнэт-пляцовак.
Кожны з нашых юных карэспандэнтаў зрабіў для сябе пэўную выснову. Для ўдзельнікаў аб’яднання адкрыліся раней невядомыя бакі журналісцкай прафесіі. Хтосьці з большым імпэтам пачаў асвойваць майстэрства напісання тэкстаў, уменне выкладаць сваю думку, а нехта зразумеў, што гэта не для яго. Тым не менш, самыя стойкія пісалі для газеты, удзельнічалі ў апытаннях і прэс-канферэнцыях, якія ладзіліся сумесна з мясцовым тэлебачаннем, спрабавалі свае сілы на мясцовым радыё.
Публіцыстычныя матэрыялы многіх юнкораў удзельнічалі ў разнастайных конкурсах. Паспяхова выступілі нашы пачаткоўцы ў конкурсе “Залатое пяро Белай Русі”. Наш былы навучэнец Антон Антонаў, дыпламант рэспубліканскага конкурсу “Старт” і пераможца шматлікіх іншых творчых конкурсаў для пачынаючых карэспандэнтаў, паспяхова паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Сёлета школа юных карэспандэнтаў працягвае свае заняткі пры рэдакцыі мясцовай газеты “Светлы шлях”. Мы ідзём далей у вывучэнні асаблівасцей і спецыфікі журналістыкі, вучымся пісаць, выкладаць свае думкі, аналізаваць, шукаць ракурсы для фотаздымкаў, авалодваць асновамі вэб-журналістыкі.
Запрашаем у рэдакцыю ўсіх, хто валодае пяром і словам, хто марыць пра журналістыку, на заняткі, якія ладзяцца па пятніцах з 15.00 да 17.00.
Ала СТРАШЫНСКАЯ, кіраўнік школы юнага карэспандэнта.