Смаргонскі раён размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці, на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Большая частка тэрыторыі раёна знаходзіцца на Нарачанска-Вілейскай нізіне, паўднёвая – на Ашмянскім ўзвышшы.
Смаргонскі раён размешчаны паміж 54°12'30" і 54°50'00" паўночнай шыраты, ва ўмераным поясе, ва ўмовах умеранага кантынентальнага клімату.
Раён выцягнуты з поўначы на поўдзень на 67 км і з захаду на ўсход на 35 км. Найбольшая працягласць тэрыторыі раёна – з паўднёвага захаду на паўночны ўсход – 68 км.
Плошча раёна складае 1487,5 км2, 35 % плошчы раёна пакрыта лясамі.
Па тэрыторыі раёна працякае рака Вілія і яе шматлікія прытокі. Адлегласць да Балтыйскага мора – 360 км, да Чорнага – 925 км.
Смаргонскі раён мяжуе на паўночным усходзе, усходзе і поўдні з Мядзельскім, Маладзечанскім і Валожынскім раёнамі Мінскай вобласці, а на захадзе і паўночным захадзе – з Ашмянскім і Астравецкім раёнамі Гродзенскай вобласці.
Адміністрацыйны цэнтр раёна горад Смаргонь размешчаны ў 260 км на паўночны ўсход ад абласнога цэнтра Гродна і ў 115 км на паўночны захад ад сталіцы рэспублікі горада Мінска.
У адміністрацыйна-тэрытарыяльных адносінах раён дзеліцца на 7 сельсаветаў, у якіх налічваецца 324 населеныя пункты. Насельніцтва складае 48,5 тыс. чалавек, з іх 35,4 тыс. чалавек пражывае ў Смаргоні, 13,0 – у сельскай мясцовасці.
З захаду на ўсход раён перасякае чыгунка Вільюс – Мінск. Маецца тры чыгуначныя станцыі – Солы, Смаргонь, Залессе.