Фальклорны калектыў «Кужэліца» Сінькоўскага Дома культуры сумесна са спецыялістамі раённага Цэнтра культуры прыняў удзел у перадачы «Вокны горада» на канале «Беларусь 4». Пра сюжэт з іх удзелам, а таксама сваімі ўражаннямі падзялілася кіраўнік калектыву Наталля РУТКОЎСКАЯ.
«Тыдзень таму мы з «Кужэліцай» выступалі на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне, прадстаўлялі урывак абраду «Зборная субота». Там нас заўважылі прадстаўнікі канала «Беларусь 4» і запрасілі на перадачу. «Зборная субота» – гэта беларуская традыцыя, нешта накшталт сучаснага дзявішніка. Хлопцы ў суботу перад вяселлем ішлі на кавалерскі вечар, а дзяўчаты збіраліся ў доме нявесты і заканчвалі апошнія прыгатаванні да вяселля», – расказала Наталля Руткоўская.
Такія зборы нявесты былі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі. Завіванне вянка суправаджалася спевамі і рознымі абрадамі.
На фестывалі нацыянальных культур, а потым і на беларускім тэлебачанні «Кужэліца» прадставіла традыцыі, характэрныя для сінькоўскай зямлі. Для гэтага з сабою прывезлі вясельную сукенку – яна аўтэнтычная, пашыта недзе ў 1960-х гадах, яе Сінькоўскі Дом культуры атрымаў у дар ад жыхароў сельсавета. Посцілка, дзяжа і кажух (дарэчы, кажух таксама з гісторыяй – ён належаў бацьку кіраўніка «Кужэліцы», пашыты з розных відаў аўчыны), а таксама галінкі мірту – абавязковы атрыбут вясельнага вянка – таксама прыехалі з Сінькоў.
«Мы нават не думалі, што запіс пройдзе так хутка, – падзялілася Наталля Руткоўская. – Усё атрымалася з першага дубля. З нецярпеннем чакаем перадачу на ТВ».
Праграма «Вокны горада» з удзелам калектыва «Кужэліца» выйдзе ў эфір 22 чэрвеня ў 19.15 на канале «Беларусь 4».
Віялета ВОЙТКА
Фота прадстаўлена Смаргонскім раённым Цэнтрам культуры