Главная / Новости / Новости района
06.07.2020

Мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

 Мітынг-рэквіем “Мы будзем помніць перамогі і лёс наш мірна будаваць..”,  прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дню Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбыўся ў Смаргоні 3 ліпеня
У мітынгу прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, ваенныя, афіцэры ў адстаўцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў Смаргоншчыны, дзеці.
“Гудуць званы. Гудуць журботна і сурова. Над светлымі бярозавымі гаямі, над задуменнымі барамі Смаргоншчыны, над усёй зямлёй Беларусі плыве народжаная мемарыяльнай бронзай мелодыя. І ў гэтай трывожнай і ўрачыстай мелодыі гучыць рэквіем і гімн. Рэквіем у памяць мільёнаў загінуўшых, расстраляных, павешаных, закатаваных, спаленых жывымі. Гімн людзям, якія не скарыліся, не сталі перад ворагам на калені, загінулі з імем маці-Радзімы на вуснах…” - узнёсла і кранальна прагучалі словы вядучай падчас мітынгу-рэквіему.
Да прысутных звярнуўся старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзь Харужык: “3 ліпеня – светлая і радасная дата для кожнага беларуса, сімвал мужнасці і самаадданай любові да Радзімы. Кожны з нас будзе вечна захоўваць у душы глыбокую падзяку ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы, тым, хто выстаяў і перамог, аднавіў дзяржаву з руін і попелу, падараваў нам свабоду і незалежнасць.
Эстафету слаўных спраў дастойна прыняло маладое пакаленне, якое пабудавала суверэнную дзяржаву.
Дзень Незалежнасці – свята тых, каму дарагія і зразумелыя нашы агульныя каштоўнасці, гордасць за дзяржаву, жаданне працаваць для яе працвітання.
Сёння ад кожнага з нас, ад нашай працы, ініцыятывы і грамадзянскай пазіцыі залежыць цяперашняе і будучае раёна, вобласці, дзяржавы”.
На мітынгу прысутнічаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла, які адзначыў: “Суверэнітэт і незалежнасць – тое, што не дадзена назаўсёды, іх трэба ўсталёўваць пастаянна, штодзённа сваёй працай… У цяперашні час адбываюцца вельмі складаныя працэсы як у свеце, так і ў дзяржаве. Гэтыя працэсы з’яўляюцца сур’ёзным выпрабаваннем для нашай з вамі незалежнасці. Я шчыра веру ў тое, што жыхары Смаргонскага раёна пройдуць гэта выпрабаванне дастойна, спакойна, упэўнена”.
Галіна АНТОНАВА.

Фота Галіны АНТОНАВАЙ і Юрыя ЯНУШКЕВІЧА.