Главная / Новости / Новости района
06.09.2021

Смаргоншчына – творчасці і таленту крыніца

 Палякі, рускія, украінцы, татары…. Кожная супольнасць  - як прыгожая кветка ў шыкоўным букеце Смаргоншчыны. Сёння на Смаргоншчыне жывуць і працуюць не толькі карэнныя яе жыхары, тыя, хто нарадзіўся і вырас тут, але і тыя, хто прыехаў сюды з суседніх і не вельмі блізкіх рэгіёнаў. Не важна, чаму яны прыехалі менавіта ў Смаргонь, важна тое, чаму яны тут засталіся.
Былую вучаніцу СШ №3 Яўгенію Петрасян, а цяпер настаўніцу па  класе скрыпкі  Смаргонскай  дзіцячай музычнай школы   мастацтваў імя М. К. Агінскага добра  ведаюць і паважаюць не толькі  вучні, але і бацькі.  Шчыры, адкрыты душой чалавек, настаўніца штодзень вучыць дзяцей  чароўнай музычнай грамаце.   Яна  шчыра любіць музыку, а яшчэ больш – сваіх навучэнцаў, якім прысвячае шмат працоўнага і нават уласнага вольнага часу. І яны творча растуць пад крылом цярплівага, таленавітага музыканта і педагога, паказваючы вялікія поспехі ў музыцы.  Толькі за апошні час узорны ансамбль “Завадныя смыкі” пад кіраўніцтвам Яўгеніі Вячаславаўны быў узнагароджаны граматамі і дыпломамі лаўрэатаў на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах: “Восеньскі зоркапад”, “Мы таленты твае, Беларусь”, “Фарбы Прагі”, “Талісман удачы”… .

Цяпер, гледзячы на жыццярадасную настаўніцу, цяжка паверыць у тое, што за яе плячыма  няпросты і складаны лёс, поўны   выпрабаванняў.
Як успамінае Яўгенія Вячаславаўна, прыехала яна разам са сваёй сям’ёй на Смаргоншчыну з далёкага і невялікага горада Сумгаіт (былая Рэспубліка  Азербайджан). Заставацца на малой радзіме было небяспечна:  ішла вайна з Нагорным Карабахам. Было страшна і вельмі  жудасна. Бацька памёр. На двары тады быў 1990 год… Няпросты і складаны для былога Савецкага Саюза час.  Невялікая торба, крыху грошай – вось усе набыткі. Ногі бы ўнесці. Ехалі ў невядомасць. Сям’я Петрасян ніколі не чула пра горад Смаргонь. “Прыехалі голыя-босыя”, - з усмешкай згадвае маці Яўгеніі, Раіса Петрасян.  Тады малой Жэнечцы  было ўсяго 6 год.

На новым месцы сям’ю Петрасян чакалі новыя выпрабаванні. Адразу было складана атрымаць грамадзянства. Спачатку жылі ў інтэрнаце, на пятнаццаці квадратных метрах. Жылі ўтраіх: Жэня, маці і дзядзька. У сувязі з адсутнасцю грамадзянства  на працу было проста немагчыма ўладкавацца -  патрабавалі дакументы. І з дакументамі дапамаглі. Як зазначае Яўгенія Вячаславаўна,  дапамагалі ўсе, чым маглі: бульбай, вопраткай, нават цёплую коўдру пазычалі. Ніхто не быў абыякавым да чалавечага гора. З вялікай удзячнасцю Раіса Петрасян  згадвае Аляксандра Яўстаф’евіча Будая, дырэктара  СШ №3, куды пайшла Жэня вучыцца ў першы клас. Аляксандр Яўстаф’евіч дапамог сям’і Петрасян,  выпісаўшы матэрыяльную дапамогу.  Атрыманых грошай хапіла, каб набыць сезонны абутак і адзенне. Пасля маці ўладкавалася прыбіральшчыцай у ГУМ. Пайшоў заробак, і стала круху лягчэй.
Нарэшце, атрымаўшы грамадзянства, зарабілі на доўгачаканаую кватэру. Так і жывуць па-суседску і цяпер вось ужо 30 год. Дзверы дома сям’і Петрасян заўсёды адчынены для сяброў, суседзяў і проста знаёмых.

Сёння Яўгенія Вячаславаўна  называе сябе шчаслівым чалавекам, бо побач з ёй родныя і блізкія людзі. Яна займаецца любімай справай, і самае галоўнае - верыць у сябе, у будучае, заўтрашні дзень. Смаргоншчына стала для яе сям’і  не толькі пастаянным месцам жыхарства, але і другім домам.
Автор: Вольга ІЛЬІНА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 3 г.Смаргоні”.