Главная / Новости / Новости района
15.03.2021

У музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Маляваныя дываны Ніны Бохан”

 12 сакавіка 2021 года ва ўстанове культуры “Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Маляваныя дываны Ніны Бохан”. На выставе шырока прадстаўлены маляванкі самабытнай мастачкі, аб якіх стала вядома беларускаму грамадству дзякуючы даследчай дзейнасці журналісткі Галіны Антонавай і сябра Студэнтскага этнаграфічнага таварыства Аляксея Крукоўскага.

Ніна Бохан – жанчына са складаным лёсам, якая хадзіла ад вёскі да вёскі ў пошуках прытулку, і ў якасці падзякі людзям, што яе прымалі, малявала на дыванах, цыратах, посцілках, проста на сценах свае жывыя, сакавітыя, незвычайныя творы. Сёння шэраг яе работ знаходзіцца ў музеі, і кожны можа прыйсці і бліжэй пазнаёміцца з яскравай прадстаўніцай беларускай народнай творчасці. У рамках выставы таксама можна даведацца аб паспяховым укараненні народнага мастацтва па матывах маляванак Ніны Бохан у выхаваўча-адукацыйную дзейнасць і пазнаёміцца з работамі маладых дызайнераў, натхнёных творамі мастачкі.