Главная / Новости / Новости района
06.12.2025

За бяспеку ў кожным доме

 Работнікі Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях не спыняюць актыўную работу па прадухіленні ўзнікненняў вогненных надзвычайных здарэнняў, працягваючы праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, насельніцтвам па месцы жыхарства. Асноўны акцэнт у гутарках робіцца на няўхільным выкананні правіл пажарнай бяспекі, а таксама на важнасці ўстаноўкі і падтрымання ў працоўным стане аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. На гэты раз прадстаўнікі службы «101» сустрэліся з працоўным калектывам  Сольскага дзіцячага сада. 
Звятраючыся да прысутных, намеснік начальніка Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Шыш прывёў лічбы статыстыкі пажараў у рэспубліцы, вобласці і раёне. Падчас дыялогу з землякамі прадстаўнік службы «101»  акцэнтаваў іх увагу на важнасці няўхільнага захавання правілаў пажарнай бяспекі, нагадаў аб першасных сродках пажаратушэння і нумары службы выратавання, а таксама растлумачыў парадак дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару.  
Акрамя таго, выратавальнік даў карысныя рэкамендацыі па эксплуатацыі ацяпляльных прыбораў, бо менавіта ў халодную пару года ўзрастае рызыка пажараў з-за іх няправільнага выкарыстання.   
– Ацяпляльны сезон у самым разгары, таму вельмі важна выконваць правілы эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабагравальнікаў. Не забывайце своечасова чысціць коміны ад сажы і латаць расколіны, – адзначыў працаўнік МНС. – Перад топачнымі дзверцамі  абавязкова павінен быць ліст з негаручых матэрыялаў – гэта просты, але эфектыўны сродак абароны ад вуглёў, якія выпалі выпадкова. 
Асаблівая увага была нададзена ролі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у папярэджанні пажараў, неабходнасці падтрымання іх у працаздольным стане.
– АПА – гэта надзейны памочнік у выяўленні пажару на ранняй стадыі, здольны выратаваць жыццё і маёмасць, – падкрэсліў Мікалай Шыш.
У канцы мерапрыемства прысутныя паглядзелі тэматычны відэафільм і атрымалі наглядна-выяўленчую прадукцыю супрацьпажарнай накіраванасці.