Галоўная / Навiны / Навiны раёна
17.08.2023

Вярнулася гарачыня. Пад кандыцыянер ці на шашлык?

 На Смаргоншчыну зноў вярнулася летняя спёка. Калі слупок тэрмометра ўпэўнена падымаецца вышэй за 30 градусаў, вельмі важна не рызыкаваць сваім здароўем і захоўваць пэўныя правілы. Якія – тлумачыць урач агульнай практыкі Вікторыя Баднарук.
“Такой гарачынёй лепш за ўсё надзяваць лёгкае свабоднае ­адзенне з натуральных тканін. Ды і ўвогуле, пажадана не выходзіць на вуліцу з 11 да 17 гадзін, асабліва людзям з сардэчна-сасудзістымі і анкалагічнымі захворваннямі, дзецям”, - тлумачыць Вікторыя Уладзіміраўна.

Таксама ўрач нагадала, як дзейнічаць, калі чалавек усё ж атрымаў сонечны ўдар: “Калі хтосьці побач з вамі скардзіцца на недамаганне, галаўны боль, млоснасць, трэба тэрмінова адвесці гэтага чалавека ў памяшканне і выклікаць “хуткую”. Да прыезду медыкаў абавязкова праз кожных некалькі хвілін даваць некалькі глыткоў вады, можна абцерці твар і цела мокрай сурвэткай”.

Бывае, што ў асабліва гарачыя дні і ў памяшканні знаходзіцца некамфортна, таму ўсё часцей ­людзі карыстаюцца кандыцыянерамі, ды і аўтамабілі без такога прыемнага дапапаўнення сустракаюцца ўсё радзей. “Толькі кандыцыянеры пры няправільным выкарыстанні нярэдка становяцца прычынай даволі непрыемных хвароб”, - нагадала Вікторыя Баднарук. Тэмпература ў памяшканні і на вуліцы не павінна адрознівацца больш, чым на 10 градусаў. Да таго ж, паніжаць яе трэба паступова – прыкладна на 1 – 2 градусы ў гадзіну. Трэба памятаць, што кандыцыянер проста прапускае праз сябе і ахалоджвае тое паветра, якое ёсць у памяшканні, таму трэба рэгулярна чысціць гэтае прыстасаванне, інакш чакай шкодных бактэрый, грыбкоў і іншых непрыемнасцей.

Яшчэ адно захворванне, на якое летам часта скардзяцца пацыенты ўрача агульнай практыкі – міязіт. У народзе кажуць “шыю заклініла”. Прычына гэтага – струмень халоднага паветра, які трапляе непасрэдна на чалавека.

Калі кандыцыянера няма, ­нядрэннай альтэрнатывай у памяшканні можа стаць вентылятар. Калі побач з ім яшчэ паставіць вядро з халоднай вадой, тэмпература ў пакоі знізіцца на 2 – 3 градусы.

Яшчэ адна парада ад доктара – змена рацыёну харчавання. Лепш выключыць з яго смажаную тлустую ежу, ужываць больш гародніны і садавіны, добра памытай пад праточнай вадой.

Дарэчы, прадукты харчавання такую гарачыню таксама “пераносяць” дрэнна. Пра гэта нашым чытачам нагадаў урач-гігіеніст цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Андрэй Завацкі. “Калі вы купілі прадукты, якія хутка псуюцца, як мага хутчэй аднясіце іх дадому і пакладзіце на захаванне ў халадзільнік, дзе тэмпература павінна трымацца ў раёне +2 - +6 градусаў”, - патлумачыў спецыяліст. Таксама Андрэй Пятровіч звярнуў увагу, што нельга браць з сабой такія прадукты, калі вы адпачываеце на прыродзе. Падоўжыць на некаторы час тэрмін прыдатнасці дапаможа сумка-халадзільнік, або некалькі бутэлек з замарожанай вадой. Марынаваць мяса для шашлыкоў трэба дома, а не на гарачым паветры. А самае галоўнае – добра падсмажваць мяса, каб знішчыць усе патагенныя мікраарганізмы.

Віялета ВОЙТКА.