Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.10.2020

Анёл-ахоўнік у рэжымнай зоне

 Ёсць раздзелы медыцыны, якія па сваёй ахоўнай дзейнасці набліжаны да рэжымных аб’ектаў. Таму што вораг жыцця чалавечага тут не такі відавочны, як, напрыклад, у траўматалогіі ці нават кардыялогіі. Смерць можа схавацца ў мікраскапічным аднаклетачным ці наогул – у вірусе, якому ні дакладнай назвы, ні слушнага тлумачэння не прыдумалі самыя светлыя розумы чалавецтва. І вось у момант, калі лік ідзе на імгненні, выявіць забойцу і спыніць яго бяруцца спецыялісты, для якіх слова «каранцін» - штодзённыя рэаліі прафесіі. У бальніцу я трапляю з рэгулярнасцю раз у дзесяць гадоў. Такім чынам, падсумоўваючы амаль 60 гадоў жыцця, раблю выснову, што наведвалася ў ЦРБ шэсць разоў, з іх два па два – у радзільнае аддзяленне, што сур'ёзным захворваннем не лічыцца. Няхай даруюць мне астатнія ўрачы, якія мяне ратавалі і лячылі, але сваім анёламахоўнікам на працягу апошніх гадоў 20, з самай першай сустрэчы я лічыла і лічу загадчыцу інфекцыйнага аддзялення Валянціну Іосіфаўну Сапач. Першае маё «пападанне» з малодшым сынам да яе ў аддзяленне не было звязана з інфекцыяй. Як вопытны інфекцыяніст, па выніках лабараторных даследаванняў, не ўбачыла Валянціна Іосіфаўна спецыфічных клінічных прыкмет інфекцыі, а як чалавек з вялікім сэрцам і чыстай душой, зрабіла ўсё магчымае, каб перанесены мной і сынам стрэс не меў цяжкіх наступстваў. Яна стала для нас і псіхолагам, і няўролагам. Мой мілы доктар наўрад ці памятае той выпадак, а я на ўсё жыццё захавала ў душы любоў і ўдзячнасць гэтай прыстойнай, прыгожай жанчыне, што не баіцца браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнні. Калі ранейшыя наведванні ў інфекцыйнае аддзяленне нічым асаблівым не вылучаліся, то на гэты раз падчас пандэміі СOVID-19, я сапраўды трапіла ў зону рэжымнага аб’екта. Ад загадчыцы аддзялення да санітарачак усе супрацоўнікі закамуфліраваны з ног да галавы: гумовыя боты, спецыяльныя ахоўныя касцюмы, акуляры, маскі… Падлогу, сцены, дзверы, падаконнікі і, наогул, усё, да чаго датыкаецца рука пацыента, вычышчаецца, дэзынфіцыруецца, праціраецца па пяць разоў на дзень і з такой заўзятасцю, што здаецца, хутка фарбы не застанецца на апрацоўваемых паверхнях. Лекі, сняданак, абед і вячэру прыносяць у палату – ну ў якім яшчэ санаторыі вы такога дачакаецеся: каву ў ложак? І яшчэ некалькі разоў на дзень сатурацыя – праверка пульсаксіметрам насычаемасці крыві кіслародам. Дзякую Богу і ўрачам, хоць мой СOVID-19 і быў абцяжараны пнеўманіяй, але абышлося без падключэння да апарату ШВЛ (штучнай вентыляцыі лёгкіх). Пазней даведалася, што такія апараты ў наяўнасці ў рэанімацыйным аддзяленні, а тут, у інфекцыіі, ёсць партатыўныя, якія таксама выкарыстоўваюцца ў выпадку неабходнасці. Першае, што мне ўручылі пасля кропельніцы, – памятка, дзе рэгламентаваны мае паводзіны: з палаты выходзіць толькі ў туалет і толькі ў масцы! Маску надзяваць, калі медперсанал заходзіць у маю палату. Тэмпературу цела правяраць самастойна тры разы на дзень, лякарствы прымаць згодна з графікам. Пры пагаршэнні самаадчування тэлефанаваць на пост ці да дзяжурнага ўрача. Наведванні забаронены, а перадачкі толькі ў колькасці, якую можна з’есці за адзін раз. Не думаю, што раней тут быў менш жорсткі рэжым, бо нават дылетанту вядома, наколькі каварныя інфекцыйныя пераносчыкі і што, напрыклад, бактэрыя Neisseria meningitides ад банальнага насмарка да маланкавага сепсісу можа за гадзіну прывесці да лятальнага зыходу пацыента. А яшчэ за кароткі тэрмін яна заразіць сотні людзей навокал. У барацьбе з інфекцыяй фактар часу і абмежаванне ў прасторы – галоўныя. Таму найважнейшая задача як мага хутчэй і надзейней ізаляваць пацыента і аказаць яму тэрміновую медыцынскую дапамогу. Шчыра кажучы, парушаць рэжым і сілы не было. Нават яда стала брыдкай і неапетытнай. Мой свет звузіўся да праёму ў вакне, дзе час ад часу пад нізкімі асеннімі воблакамі праплывалі чародкі птушак, што імкліва ляцелі ў вырай, развітальна гагочучы і курлыкаючы. Атмасферу ізаляцыі парушалі толькі ўрач (па вачах ды па голасе пазнала маю дарагую Валянціну Іосіфаўну) ды медыцынскія сёстры, што правяралі ціск, сатурацыю, рабілі чарговыя ўколы і ставілі кропельніцы. Вось зазірнула мая вясёлая гаваркая медсястрычка Ірына Іосіфаўна. Яна таксама перахварэла каранавірусам. Ці не за 30 гадоў працы ў інфекцыйным аддзяленні ўпершыню не ўбераглася. Мяркую, што не тут, а, верагодней за ўсё, “на волі”, дзе яшчэ не ўсе навучыліся трымаць дыстанцыю, мыць рукі. Абмеркаваўшы прачытаныя кнігі праз шчыльную ахову масак, пасмяяліся з нейкага новага анекдота. І вось ужо голас Іосіфаўны звініць у суседняй палаце. Медперсанал тут насамрэч, як антыдэпрэсант, прычым, бяз шкодных наступстваў. Як большасць калег-журналістаў, я дылетант, асабліва ў медыцыне. Але пры сённяшнім доступе да разнастайных інфармацыйных крыніц, да грунтоўных даследаванняў і фундаментальных прац навукоўцаў кожны з нас валодае магчымасцю хоць павярхоўна пазнаёміцца з самымі даступнымі для нашага бачання сітуацыямі, са станам здароўя і здароўезберагаючымі тэхналогіямі. Паднапружыць свой розум, пагугліць незразумелыя тэрміны, супаставіць вынікі апошніх даследаванняў – і элементарнае ўяўленне можа ўзнікнууць у галаве дапытлівага чалавека ісціны. А вось тое, як яно адбываецца на практыцы, з якой хуткасцю мікраскапічны паразіт здольны знішчаць чалавечы імунітэт і вывесці са строю жыццёва неабходныя органы, лепш за іншых ведаюць урачыінфекцыяністы. Усё часцей з аўтарытэтных крыніц гучыць сцвярджэнне, што наш свет пасля ковіду ўжо ніколі не будзе ранейшым. Ніколі, як раней, не адмахнёмся мы ад жорсткага патрабавання санітарна-гігіенічных правілаў, неабходнасці захоўваць дыстанцыю і выкарыстоўваць гігіенічныя сродкі аховы калі не для ўласнай бяспекі, то дзеля тых, хто побач з намі. Нікому невядома, якімі і ў якой колькасці хвалямі вернецца каранавірус, з якім змаганне ідзе пакуль што толькі на ўзроўні ратавання хворых.  Ала СТРАШЫНСКАЯ.