Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
27.07.2023

Дзюдо гартуе характар

“Кожны раз, калі мая дачушка падае на татамі, маё сэрца замірае”, - дзеліцца Алена Жуковіч, мама смаргонскай спартсменкі Надзеі Жуковіч. Надзя мамінай трывогі не раздзяляе і заўважае, што нягледзячы на салідны стаж трэніровак і спаборніцтваў, сур’ёзных траўмаў у яе не было. А калі і падаеш – гэта не страшна. Галоўнае - падняцца і даць дастойны адпор праціўніку. Гледзячы на медальную скарбонку нашай дзюдаісткі, разумееш – адпор даваць гэтая дзяўчына ўмее. Надзея Жуковіч два гады запар станавілася чэмпіёнкай рэспублікі, а ў чэрвені прайшла адбор на міжнародныя спаборніцтвы “Трыумф Энерджы” ў Сочы, адкуль беларуская каманда прывезла бронзавыя медалі. Перфекцыяніст Надзя не вельмі задаволена сваім асабістым вынікам, кажа, многа памылак дапусціла ў барацьбе. Але вопыт атрымала бясцэнны. Яна з павагай адзываецца пра сваіх сябровак па камандзе і саперніц з розных куткоў Расіі. “Выезд на любыя спаборніцтвы вельмі цэнны для спартсмена. Гэта дазваляе вывучаць праціўніка, пераймаць некаторыя прыёмы ці шукаць спосаб ад іх абараняцца. А калі супраць цябе выступае дзюдаіст такога высокага ўзроўню, як у Сочы, такі вопыт многага каштуе”, - дзеліцца Надзея. У дзюдо смаргонская “зорачка” трапіла амаль выпадкова. Гэтым відам спорту займаўся яе старэйшы брат Дзяніс. Надзя з мамай прыходзілі падтрымаць яго на спаборніцтвах. А ў 9 гадоў дзяўчынка вырашыла паспрабаваць сама. У верасні яна ўпершыню прыйшла ў залу барацьбы, а ўжо ў кастрычніку паўдзельнічала ў першых спаборніцтвах. Пару месяцаў трэніровак – зімой наступны турнір, ужо ў Мінску. “Не перадаць, як я хвалявалася! - расказвае мама. - А Надзя абсалютна спакойна выйшла на татамі. І гэтак жа спакойна перамагла”. Яшчэ не раз пасля гэтага адчувала Надзя смак перамог і горыч паражэнняў. Бывала, што і плакала пасля няўдалых выступленняў. Галоўны яе крытык і галоўная падтрымка – трэнер Юрый Гулецкі. Яго пахвала – найвышэйшая адзнака, яго заўвагі – новы кірунак у трэніроўках. На спаборніцтвах у Сочы Юрый Сяргеевіч таксама быў побач, больш таго, ён трэніраваў беларускіх дзяўчат на зборах, якія прайшлі перад “Трыумф Энерджы” ў алімпійскім спартыўным комплексе “Стайкі”. Пакуль Надзея Жуковіч не загадвае далёка наперад. Магчыма, яна звяжа сваё жыццё менавіта са спортам. Дзюдо гартуе яе характар і арганізм. Надзея смелая, упэўненая ў сабе, моцная фізічна і духоўна. Яна ідзе наперад і паступова дасягае новых, непрыступных раней вяршыняў, робіць гэта надзвычай прыгожа, напорыста і тэхнічна. Віялета ВОЙТКА. Фота аўтара.