23.10.2020
Карэспандэнт газеты “Светлы шлях” Галіна Антонава сустрэлася з вучнямі СШ № 6
У межах інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ» - «Школа Актыўнага Грамадзяніна» - 22 кастрычніка ў сярэдняй школе №6 адбылася сустрэча з карэспандэнтам раённай газеты “Светлы шлях” Галінай Антонавай.
Вучням 10 і 11 класаў яна расказала пра работу “раёнкі”, пра свае журналісцкія праекты, якія сталі асновай для кніг “Дзяруга” і “Самародкі”.
Больш падрабязна выступоўца распавяла пра герояў сваіх публікацый, вядомых смаргонцаў – заслужанага дзеяча культуры БССР, стваральніка першага ў Беларусі цымбальнага аркестра Аляксандра Дзяругу і заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, скульптара Уладзіміра Церабуна.
Апавядала таксама і пра сваё журналісцкае даследаванне, якое праводзіла на працягу паўтара года: як для шырокага крога смаргонцаў адкрывала новае імя таленавітай самабытнай мастачкі Ніны Бохан.
Напрыканцы выступлення журналістка звярнулася да вучняў: “Кожны з вас – таленавіты. Вельмі важна - гэты талент распазнаць і развіваць, шмат над сабой працаваць. Толькі такім чынам вы зможаце знайсці сябе і рэалізавацца як Асобы. І для гэтага не абавязкова жыць у вялікіх гарадах. Дарэчы, менавіта гэту думка пацвярджаюць многія героі маіх публікацый”.
На памяць аб сустрэчы самыя актыўныя вучні атрымалі промапрадукцыю газеты – календары, блакноты, а адзінаццацікласніца Ульяна Шарова, якая спрабуе сябе ў паэзіі, - кубак з надпісам “Светлы шлях”.
Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.