30.08.2021
“Кушлянскі фэст – 2021” адбыўся ў музеі-сядзібе Багушэвіча
Вось ужо ў чацверты раз 28 жніўня ў музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча ладзіўся “Кушлянскі фэст” у гонар аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры.
У пачатку гасцей свята прывіталі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, загадчык музея-сядзібы Багушэвіча Алесь Жамойцін, начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва.
Праграма фестывалю была вельмі разнастайная. Свае вершы прачыталі паэты Віктар Шніп і Ганна Шакель. Выступілі народны тэатр лялек “Батлейка”, калектывы Смаргоншчыны “Вечарынка”, “Явар” і “Хутарок”, а таксама фальклорны гурт “Мярэжа”. Адметнасцю фэсту стаў канцэрт-лекцыя “Ад дуды да раяля” майстра народных інструментаў Алеся Лася.
Дзецям на свяце сумаваць таксама не прыйшлося. Для іх праводзіліся майстар-класы па беларускай лацінцы і вырабу паштовак, гульня “Музыка”, мастацкі пленэр і інш.
Аксана ГЕЙБОВІЧ.
Фота аўтара.