31.12.2021
Смаргонскія школьнікі наведалі прэм’еру Мінскага абласнога драматычнага тэатра
У межах дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” навучэнцы 6-х класаў “Сярэдняй школы №3 г. Смаргоні” наведалі Мінскі абласны драматычны тэатр. Ужо другі раз шасцікласнікі едуць у г. Маладзечна. Тым больш, што на гэты раз адбылася прэм’ера інтэрактыўнага спектакля “Навагодні драйв”.
Падчас прагляду спектакля маленькія гледачы актыўна ўдзельнічалі ў дзеянні, дапамагалі добрым героям змагацца са злом: дзеці спявалі разам з героямі песні, чыталі заклінанні, разгадвалі загадкі. Як у сапраўднай казцы, дабро перамагло зло.
Усім гледачам спадабаўся не толькі спектакль, але і інтэрактыўная пляцоўка, якую падрыхтавалі маленькім гледачам пасля прагляду спектакля арганізатары мерапрыемства. У фае тэатра казачныя героі Снегавік і Дзед Мароз разам з дзецьмі на чароўным цягнічку Чух-чух праехалі па розных станцыях: “Музычная”, “Пушкінская”, “Чароўная”.
Новы год – час чараўніцтва, веры ў цуды і дабро. Дзякуючы такім мерапрыемствам дзеці працягваюць марыць, верыць у казку.
Вольга Ільіна, класны кіраўнік 6 А класа СШ №3.